Лукашэнка звальняе за адсталасць калгасаў, а ў Менску Румас ацэньвае інавацыйнасць эканомікі


Краіна бедных калгасаў або еўрапейскі лідар у высокатэхналагічным экспарце? Як ідзе ўкараненне інавацыяў у беларускую эканоміку – абмяркоўваў учора ўрад. Калі асновай прыбыткаў нашай краіны зробіцца не замежная нафта, а ўласныя высокія тэхналогіі?

«У той час, калі пад Шкловам Аляксандр Лукашэнка за галечу і адсталасць калгасаў здымаў з пасадаў чыноўнікаў, у Менску прэм’ер ацэньваў, ці паспяхова беларуская эканоміка становіцца на інавацыйныя рэйкі».

Праграма інавацыйнага развіцця на 2016 – 2020 рэалізуецца са скрыгатам – прызнаў прэм’ер. Шэраг дзяржаўных установаў пазычае грошы на стварэнне інавацыйных вытворчасцяў, а выдае іх на падтрыманне прадпрыемстваў старых і стратных. Сяргей Румас, прэм’ер-міністр:

«Тыя прадпрыемствы, якія ўзялі на сябе абавязанні рэалізацыі праекту з прыцягненнем сродкаў інавацыйных фондаў і не выканалі іх, мусяць завяршаць рэалізацыю праектаў не за кошт сродкаў бюджэту».

У праграме больш за сотню праектаў – ад будоўлі Астравецкае АЭС да стварэння «інавацыйнага трусагадоўчага комплексу» пад Віцебскам. У чорным спісе ўстановаў, якія правальваюць інавацыйныя праекты, – Міністэрства будаўніцтва, якое стварае энергаашчадны квартал «Дом парк» і завод перапрацоўвання шкла; «Беллегпрам», які паабяцаў стварыць новыя тканіны; Мінтранс, які ўзяў грошы на электрыфікацыю чыгункі.

«Гэта выдатна, што прэм’ер-міністр хацеў бы вярнуць грошы на незразумелыя інавацыі. Але я магу абсалютна ўпэўнена сказаць, што гэтых грошай ніхто не верне. Кропка. Іх няма. Іх праелі», – мяркуе Леанід Заіка, цэнтр «Стратэгія».

10 мільярдаў долараў – столькі ўрад плануе выдаткаваць на інавацыі з 2016-га да 2020-га года. Дзяржаўны камітэт навукі і тэхналогіяў адзначае, што ажно траціна беларускага экспарту – высокатэхналагічная. Гэта медычнае абсталяванне, электроніка, лекі, станкі ды ІТ-паслугі. У долі такіх тавараў у экспарце Беларусь пераўзыходзіць Партугалію ды даганяе Чэхію і Латвію – кажа ўрад.

«Асноўную долю ў гэтай інавацыйнай прадукцыі складае сярэднетэхналагічны экспарт – такі, як трактары, МАЗы, а вось доля высокатэхналагічных прадуктаў ва ўсім гэтым складае два з невялікім адсотка. Гэта амаль у дзесяць разоў менш, чым паказнік Еўразвязу», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны агладальнік «Белсату».

Напэўна кожны чуў пра высокі патэнцыял беларускага ІТ-сектару, але асноўнай крыніцай экспартных прыбыткаў нашай краіны па-ранейшаму застаецца нафта.

«У Беларусі няма доўгатэрміновага празрыстага планавання законаў: сёння можа выйсці адзін дэкрэт, а заўтра – іншы. Няма дастатковай абароны інтэлектуальнай уласнасці, няма абароны інвестыцыяў. Таму распрацоўванне высокатэхналагічных прадуктаў у Беларусі на сённяшні дзень немагчымае», – лічыць Станіслаў Івашкевіч.

Аднак шанец стаць па-сапраўднаму інавацыйнай эканомікай у Беларусі ёсць. Праўда, як кажуць суразмоўцы, наватарам не патрэбна, каб дзяржава раздавала ім грошы. Патрэбныя незалежныя суды і абарона ад свавольства дзяржавы.

Аляксандр Папко, belsat.eu