Лукашэнка зноўку абвінаваціў памерлых у іх смерці


Аляксандр Лукашэнка – кантакт першага ўзроўню. Інфікаванага каронавірусам знайшлі ў ягонай хакейнай камандзе. Але кіраўнік Беларусі на каранціне не сядзіць, масак не носіць, а сёння сабраў у сваім Палацы Незалежнасці ўсё кіраўніцтва дзяржавы. Лукашэнка даў устаноўку: зрабіць устойлівай эканоміку і сацыяльную сферу ва ўмовах пандэмиі. Рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя вывучыць, але зробіць па-свойму.

«Калі, дапусцім, яны нам рэкамендуюць увесці меры аж да каменданцкай гадзіны, я яшчэ раз падкрэсліваю: трэба – увядзём, ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі», – заявіў Лукашэнка дзясяткам чыноўнікам, якія сядзелі плячо ў плячо.

Сусветная арганізацыя здароўя аб каменданцкай гадзіне не казала ні слова, затое рэкамендавала адмяніць масавыя імпрэзы, перавесці школы і інстытуты на дыстанцыйнае навучанне і наогул павысіць фізічнае дыстанцыяванне. Але Парад Перамогі 9 траўня правядуць з гледачамі, 25 красавіка будзе рэспубліканскі суботнік, а з панядзелка дзеці ходзяць у школу.

«Нельга ўпадаць у скрайнасці і спыняць працу ключавых галін эканомікі», – загадаў Лукашэнка на нарадзе.

Затое ўлады Беларусі не грэбуюць гуманітарнай дапамогай ад суседзяў. Выслала груз у падтрымку Польшча.

Гуманітарную дапамогу беларускім медыкам прапанавала і Літва ў асобе прэзідэнта Гітанаса Наўседы. Свае першыя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам ён правёў сёння па відэасувязі. Раней Наўседа завочна крытыкаваў улады Беларусі за браваду і непразрыстасць інфармацыі. Лукашэнка адказваў у сваім стылі.

«Слухай, ты сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў», – завочна абураўся кіраўнік Беларусі ў інтэрвью тэлекампаніі «Мір» 2 красавіка.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёння ў Беларусі пацверджаныя 8022 выпадкі інфікавання (гэта больш, чымся ва Украіне або краінах Балтыі), памерлі 60 чалавек. Сама падача інфармацыі ад беларускіх чыноўнікаў – часцяком у заблытаным выглядзе – выклікае недавер у грамадзянаў. Вось што кажуць «Белсату» пінчукі:

«Гэтай статыстыцы ніхто не верыць, бо нашыя ўлады неяк усё хаваюць».

«Я не веру, што ў Пінску няма гэтай хваробы».

«А я больш давяраю тэлебачанню, чым размовам людзей у аўтобусах».

Найбольш пацярпелая вобласць – Віцебская. У гарадскім пасёлку Шаркаўшчына пра каранцін не чулі, людзей у масках амаль няма. Вось што распавялі «Белсату» жыхары Шаркаўшчыны:

«У нас памерла там жанчына, але яна ў Віцебску жыла».

«Яе забаранілі нават дадому везці, адразу з Віцебску на могілкі прывезлі і пахавалі».

«Замоўчваюць інфармацыю. Кажуць, што 4 чалавекі ляжаць, адна жанчына ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Але гэта неафіцыйна».

Медыкі ў розных раёнах Беларусі неафіцыйна паведамлялі журналістам «Белсату», што ад іх патрабуюць як мага радзей ставіць памерлым дыягназ «каронавірус», а лепш пісаць «ВРВІ» ці «пнеўманія». Афіцыйна асноўны адказ: без каментароў, пішыце ў Міністэрства аховы здароўя.

«Калі ласка, прыбярыце вашую балею (камеру). У мяне пачынаецца канферэнцыя», – адрэагаваў галоўны лекар Шаркаўшчынскага раёну Станіслаў Стома на просьбу даць каментар.

За дзень у Беларусі пацвердзілі 741 новы выпадак заражэння Ковідам. Сёння Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што ў краіне ні адзін чалавек не памёр ад каронавіруса, а прычына ў хранічных захворваннях.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»