Аб'ектыў 29.03.2017 Лукашэнка знайшоў яшчэ аднаго баевіка. У спісе – 27 затрыманых


Працягваюцца затрыманні ў гэтак званай справе «рыхтавання масавых беспарадкаў». У спісе тых, хто апынуўся ў СІЗА пасля словаў Лукашэнкі пра «баевікоў» – ужо 27 імёнаў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, пры вобшуку ў падазраванага знайшлі толькі газавую, але не баявую зброю.

Навуковец без зброі – ужо баевік

Сярод гэтак званых «баевікоў» цяпер аказаўся і навуковы працаўнік Нацыянальнага гістарычнага музею. Аляксандра Зімніцкага затрымалі напярэдадні.

«Гэта хлопец, які цікавіцца гісторыяй, хлопец які займаецца актыўным здаровым ладам жыцця і ён, наколькі я змагла высветліць, ён знаёмы Віктара Данілава, які ўжо затрыманы з 21-га чысла. І калі нават знаёмства з кімсьці становіцца падставай, то гэта ўжо край абсурду», – кажа Ніна Шыдлоўская, старшыня рады ЗБС «Бацькаўшчына».

Каго толькі не арыштавалі па справе!

На гэты момант у спісе з 27 чалавек былыя чальцы «Белага легіёну», сябры зарэгістраванага спартова-вайсковага клубу «Патрыёт», некалькі актывістаў «Маладога фронту», у тым ліку Зміцер Дашкевіч, а таксама людзі, не звязаныя ні з якімі арганізацыямі. Учора і сёння ў прысутнасці адвакатаў праводзіліся допыты затрыманых. Гэта дало надзею сваякам, што лёс мужчынаў будзе хоць бы трошку больш ясны. Але выстаўленне абвінавачанняў перанеслі на апошні магчымы тэрмін – 31-га сакавіка.

«Гэтая гульня можа быць дастаткова доўгай, на вялікі жаль. Пакуль што я не бачу, каб міжнародная супольнасць рэагавала адпаведна менавіта на гэтую крымінальную справу. Не бачу адпаведных заяваў пра тое, што справа палітычная і яна сфальсіфікаваная», – зазначыла Наста Дашкевіч.

За справаю пільна сочыць і стваральнік «Белага легіёну»

Арганізацыі ўжо 12 гадоў. Паводле адчуванняў Сяргея Бульбы, хуткага вызвалення фігурантаў справы чакаць не варта.

«Уладам прыходзіцца, бачыце, даставаць старых шкілецікаў, спрабаваць іх рэанімаваць, а людзей вылічаюць, так, Малады фронт, таго ж Дашкевіча, ён відаць моцны духам чалавек. Вось такіх моцных духам асобаў вычапляюць і спрабуюць на іхным прыкладзе паказаць, што дзяржава будзе вельмі жорстка з імі рабіць», – запэўнівае ён.

Высмактаная з пальца справа

Пакуль саміх затрыманых і сваякоў трымаюць у няпэўнасці, шмат хто ўжо звярнуў увагу на шэраг нестыковак ува ўсёй гэтай паспешлівай справе.

Заява Лукашэнкі пра нібыта затрыманне «баевікоў» выглядала хутчэй як загад, бо ўласна затрыманні пачаліся толькі пасля ўвечары. Шмат пытанняў і да тых нібыта «баявых арсеналаў», якія прадэманстравалі на дзяржаўных тэлеканалах.

Паводле экспертаў, зброя выглядае як страйкбольная, а гранаты – вучэбныя

Сваякі кажуць, што некаторыя «рэчыўныя доказы» затрыманым не належалі і зʼявіліся ў часе ператрусаў. Недарэчным ляпам, на фоне рыторыкі Лукашэнкі аб «майданутых», выглядаюць і нібыта знойдзеныя ў затрыманых налепкі Наваросіі і антымайдану.

«Вось мы перадухілі нейкія беспарадкі, пагроза тэрарызму, і маўляў мы разбіраемся. Я думаю, што менавіта для гэтага тут сядзяць гэтыя статысты. Людзі, якія абсалютна ні ў чым невінаватыя. І такім чынам Лукашэнка забівае двух зайцаў, спыняе гэтыя пратэсты і правярае еўрапейскую цярплівасць», – упэўненая Наста Дашкевіч.

Еўропа пакуль што дэманструе цярплівасць

Няма рэзкіх заяваў як у гэтай справе, гэтак і пытанні брутальнага падаўлення пратэстаў. Але вось як паказала святкаванне Дня волі, цярпенне беларусаў на зыходзе нават нягледзячы на застрашванне.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Сяргей Пальчэўскі

Глядзі таксама
Каментары