Лукашэнка зменіць Канстытуцыю. Чаго ён хоча?


Прааналізаваць нормы Канстытуцыі ды ацаніць іх актуальнасць. Гэткае даручэнне Лукашэнка даў суддзям Канстытуцыйнага суда. Маўляў, «закон – жывы арганізм, які развіваецца». І, калі далейшы кірунак гэтак званага развіцця пакуль не вядомы, то пра зручны момант для ўвядзення паправак у Канстытуцыю ўжо вядзецца.

«…Уласна размовы пра змену Канстытуцыі спараджаюць у найлепшым выпадку нейкі броўнаўскі рух у нашым грамадстве. А некаторыя вельмі палітызаваныя і зацікаўленыя колы пачынаюць замоцна развіваць бурную дзейнасць на гэтай аснове. Таму важна абраць час, калі мы будзем падбірацца да карэктавання гэтага закону, і вызначыць асноўныя кірункі, у якіх будзем працаваць», – зазначыў Лукашэнка.

Дасюль асноўны закон краіны зазнаваў змены двойчы

Абедзве з якіх дазволілі ў тым ліку пашырыць паўнамоцтвы прэзідэнта. У 1996-ым Лукашэнка атрымаў права прызначаць службовых асобаў, а таксама выдаваць дэкрэты і ўказы. У 2004-ым з Канстытуцыі выключылі абмежаванне балатавацца ў прэзідэнты запар больш як двойчы. Пра чарговае падаўжэнне прэзідэнцкага тэрміну ажно да сямі гадоў загаварылі ў 2016-ым. Аднак да рэферэндуму справа не дайшла.

Ці варта чакаць павелічэння тэрміну прэзідэнта?

Пакуль пра гэта кіраўнік краіны наўпрост не кажа. Аднак асцярогі ёсць, мяркуе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Кожнаму будзе прадэманстравана свая морква. Напрыклад, апазіцыйным структурам – гэта можа быць перспектыва шматпартыйнасці, для міжнароднай супольнасці – мараторый на смяротнае пакаранне. Для Аляксандра Рыгоравіча – павелічэнне тэрміна з 5 да 7 гадоў», – мяркуе палітык.

Існая Канстытуцыя не гарантуе грамадзянам усіх правоў

Да прыкладу, 35-му артыкулу асноўнага закону пра свабоду сходаў знайшлі абыход праз неабходнасць атрымліваць дазвол на правядзенне ў мясцовых уладаў, якія нярэдка адмаўляюць у мітынгах і шэсцях з фармальных прычынаў. 41-шы артыкул Канстытуцыі гарантуе права на працу, але не патрабуе абавязковага працаўладкавання. У той жа час дэкрэт № 3, а цяпер і першы, які прыйшоў яму на змену, праз неабходнасць аплаты субсідаваных дзяржаваю паслуг беспрацоўнымі ў поўным памеры фактычна прымушае да працы, а таксама пазбаўляе права на бясплатную медыцыну.

Ці настане адпаведны час перад выбарамі прэзідэнта ў 2020 годзе? Імаверна. Аднак, паводле палітыкаў, дабіцца станоўчага выніку для сябе праз змены ў Канстытуцыі станецца для кіраўніка краіны выклікам, калі бальшыня не захоча паатрымоўваць улады.

Юлія Лабанва, «Белсат», фота: Nikolai Petrov / BelTA /TASS / Forum