Аліеў у Менску. Лукашэнка злуе армянаў


«Я ведаю, што мы шмат ваеннай тэхнікі прадаем Азербайджану».

«Машыны, трактары, лёгкая прамысловасць».

«Мы можам прапанаваць ім сельгастэхніку або вучыць іх студэнтаў. Яны нам могуць прапанаваць, напрыклад, эканамічную дапамогу. Прэзідэнт Азербайджану нас ужо выратаваў ад расейскага эканамічнага ціску».

Сапраўды, восем гадоў таму Лукашэнка тэрмінова пазычыў у Аліева 190 мільёнаў долараў, каб аддаць спрэчны доўг «Газпрому». Аўтарытарных лідараў звязвае шмат чаго: і Лукашэнку, і Аліева міжнародныя арганізацыі вінавацяць ва ўдзеле ў карупцыйных схемах і ў жорсткіх парушэннях правоў чалавека. А цяпер на першы план азербайджанска-беларускага сяброўства выходзіць зброя. Ільхам Аліеў надзвычай задаволены беларускім экспартам і рыхтуе новыя зброевыя кантракты.

«Мы маем намер працягваць супрацу ў вайскова-тэхнічнай сферы. Праўда, як вы ведаеце, у Арменіі гэта выклікае, скажу так, прыступы псіхозу, што вельмі дзіўна, бо Азербайджан набывае ўзбраенне не толькі ў Беларусі. (Найбуйнейшы пастаўнік ваеннай тэхнікі ў Азербайджан – Расея)», – кажа Ільхам Аліеў, кіраўнік Азербайджану.

Шасі ад МАЗу і МЗКЦ, баявыя модулі і аптычныя сістэмы для бранятэхнікі, сістэмы сувязі і аператыўнага камандавання – гэта толькі частка беларускіх распрацовак, якія паступілі ў Азербайджан. Галоўным гонарам Ільхама Аліева на чэрвеньскім парадзе ўзброеных сілаў стала беларуская рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланез». Аператыўна-тактычны ракетны комплекс б’е на 300 кіламетраў і нясе 140 кілаграм грузу ў адной з васьмі боегаловак.

«Вораг мусіць ведаць, што ў яго няма ніводнага ваеннага або стратэгічнага абʼекту, якога азербайджанская армія не магла б знішчыць», – каментуе Ільхам Аліеў.

І гэта не дэманстрацыя сілы для стрымлівання – на тым жа парадзе Аліеў хваліў войскі за кровапралітныя баі з Арменіяй у красавіку.

Беларускі «Паланез», як і іншая магутная зброя, парушае баланс сілаў у рэгіёне і прымушае Арменію ўзбройвацца і размяшчаць на ўласнай тэрыторыі больш расейскіх вайскоўцаў. Прытым Арменія і Беларусь – саюзнікі ў межах АДКБ. Цяпер Ерэван крытыкуе Менск яшчэ і за парушэнне этыкету: Аляксандр Лукашэнка перадаў Ільхаму Аліеву інфармацыю аб выбары новага генеральнага сакратара арганізацыі, паведаміў пра перамовы, якія адбываліся за зачыненымі дзвярыма.

«Арменія асабліва пасля армянскай рэвалюцыі і перамогі Пашыньяна для Аляксандра Лукашэнкі ёсць абʼектам крытыкі, і гэтая крытыка будзе развівацца», – тлумачыць Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік Радыё «Свабода».

Сёння армянскі лідар заявіў, што ранейшых дачыненняў з ягонай краінай ужо не будзе:

«Можа, мы і малаколькасны, але вялікі народ з тысячагадовай гісторыяй – народ культуры, народ генералаў… Будзьце пэўныя, што народ і наш урад здатныя абараніць інтарэсы рэспублікі, і з гэтым мусяць лічыцца ўсе. Абяцаю, што так і будзе».

Падобна, што сябраваць і гандляваць адразу з усімі, як загадваў ураду Аляксандр Лукашэнка, у выпадку Арменіі не атрымліваецца.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Sputnik / Mikhail Klimentyev / FORUM