Лукашэнка жэстачайшэ развівае Воршу – за год змяніў трох мэраў


Слава Воршы ўжо ня горша. Класічныя словы цяпер успрымаюцца дваяка. Раённы цэнтр праславіўся на ўсю краіну летась пасля таго, як Лукашэнка амаль разагнаў урад з прычыны правалу стварэння паспяховага прамысловага кластару.

Кіраўнік краіны падпісаў указ нумар 506 аб развіцці Аршанскага раёну, які зацвердзіў праграму развіцця гэтага рэгіёну да 2023 года. Яшчэ некалькі гадоў таму ўлады вырашылі зладзіць тут узорны куток індустрыялізацыі, стварыўшы там льготныя ўмовы для бізнесу. Аднак не атрымалася.

«Я неаднаразова адзначаў, што выкананне даручэнняў аб развіцці гэтага рэгіёну – паказнік эфектыўнасці працы ўраду і мясцовай улады. Патрабавалася наладзіць працу, якая б стала прыкладам для іншых сярэдніх гарадоў краіны», – заяўляў Лукашэнка.

Прыкладам не стала і ў выніку – тагачасны Саўмін пайшоў у адстаўку ледзь не ў поўным складзе. Паводле новага аршанскага ўказу, мясцовыя прадпрыемствы атрымаюць шэраг істотных льготаў: вызваляцца ад выплаты ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, карыстацца будаўнічымі і тэхнічнымі нормамі ЕЗ, ЕАЭС і Кітаю ды іншыя.

«Інвестар, які будзе будаваць тут паводле сваіх нормаў. Але хто потым адкажа за тое, што будзе далей з гэтымі пабудовамі? І з гэтымі праблемамі, якія могуць узнікнуць – хоць бы экалагічныя, якія ўжо ёсць у Рэспубліцы Беларусь», – кажа праваабаронца з Барані Віктар Міхасёў.

Апытаныя намі на вуліцах жыхары Воршы лічаць, што «трэба больш часу, каб нешта змянілася да лепшага». Адныя сцвярджаюць, што «зрухі нейкія ёсць» і спадзяюцца на лепшае. Іншыя кажуць, што «ніякіх зменаў няма, усё даражэе, а пенсіі і заробкі стаяць на месцы».

Паводле адмыслоўцаў, галоўная праблема раёну – беспрацоўе. Таму шмат людзей працуе ў Расеі або Польшчы ды ў іншых рэгіёнах краіны. 400 рублёў на месяц лічыцца ў Аршанскім раёне прыстойным заробкам. Ува ўсіх сферах, нават у дзяржаўным кіраванні, адчуваецца істотны крызіс кадраў, які таксама негатыўна ўплывае на развіццё рэгіёну.

«За мінулы год у нас пабывала тры мэры. Ці могуць яны быць кампетэнтныя, калі адбываецца такая чахарда? Напэўна, не. Бо проста не паспяваюць разабрацца, у чым справа, у чым спецыфіка рэгіёну. Апроч таго, гэта людзі ў большасці прыезджыя, якія або зусім не мелі дачынення да гораду, або даўно не мелі дачынення да гораду», – кажа рэдактар сайту orsha.eu Ігар Казмярчак.

Новы ўказ дае кіраўніцтву Аршанскага раёну новыя рычагі ў рукі – цяпер яны могуць пераводзіць неэфектыўныя прадпрыемствы з рэспубліканскай уласнасці. Таксама да 31 снежня 2023 года ўводзіцца мараторый на правядзенне выбарачных правяранняў, а пазапланавыя мусяць праводзіцца толькі ў выключных выпадках.

«Гаворка ідзе пра тое, каб тыя праекты, якія рэалізоўваюцца праз дзяржаўныя гарантыі, праз дзяржаўны бюджэт, можна было выкарыстоўваць без кантролю, без адказнасці і з мінімальнымі падаткамі. Гэта добра для тых людзей, якія будуць убудаваныя ў гэтыя патокі. Але для ўсёй краіны, якая будзе плаціць за гэты эксперымент, гэта не варта», – лічыць прэзідэнт цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

З аднаго боку, здавалася б, добрыя намеры ды прагрэсіўныя заканадаўчыя захады, з другога – традыцыйная адсталасць дзяржаўнай сістэмы.

Зміцер Міцкевіч/«Белсат», фота вокладкі – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum