Лукашэнка зажадаў дыскусіяў у парламенце і справядлівыя выбары


За плюралізм думак і справядлівыя выбары ў парламент! Гэта не праграма апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, а сённяшнія патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі да Палаты прадстаўнікоў. Наколькі сур’ёзна гучаць гэтыя заявы, і ці варта чакаць дэмакратычных зрухаў?

Апошнімі дзесяцігоддзямі ў гэтым будынку пануе спакой і згода. Нават дзве апазіцыйныя дэпутаткі не здолелі парушыць гэтага стабільнага парадку. А тут сам кіраўнік краіны кажа, што парламент мусіць зрабіцца дыскусійнаю пляцоўкаю для дыялогу дэпутатаў з рознымі поглядамі. Дык што, можам чакаць у Палаце прадстаўнікоў плюралізму думак?

Падчас паседжання наконт арганізацыі ды правядзення парламенцкіх выбараў сёлета Лукашэнка запатрабаваў не толькі шырокага спектру меркаванняў у Палаце прадстаўнікоў, але і справядлівага выбарчага працэсу. Відаць, цяпер з гэтым ёсць пэўныя праблемы.

Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Што датычыць дыскусіяў, то ў нашай Палаце прадстаўнікоў такое не прынята. Дыскусіі могуць адбывацца ў межах працоўных групаў альбо падчас нейкіх пасяджэнняў. Што датычыць Авальнай залы, то там дыскусіі не было пакуль што, і спадзяюся, што хіба ў бліжэйшы час яны пачнуць адбывацца».

У дэмакратычных краінах парламент – гэта месца фармавання палітычных элітаў. У нас жа і Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі выконваюць трохі іншую функцыю, кажа палітолаг Юрый Чавусаў:

«Парламент традыцыйна быў месцам адстою кадраў, а не іх чэрпання. Наадварот, некаторыя раёны і вобласці скідвалі ў парламент тых наменклатурнікаў, для якіх ужо не было месца на лакальным узроўні і трэба было іх кудысьці справадзіць. Як прафсаюзы ў савецкі час».

А як разумеюць ролю Палаты прадстаўнікоў у жыцці краіны менскія выбарнікі?

«Я лічу, што рэспубліка ўвогуле мусіць быць парламенцкай – гэта галоўны орган».

«Парламент для таго і існуе, каб там былі абмеркаванні, розныя меркаванні, а не проста сядзець і спаць».

«Дзеля чаго мы іх выбіралі? Не для таго, каб яны сядзелі, а для таго, каб яны працавалі!»

«Парламент гэтым і мусіць займацца – абмяркоўваць усе законы. І хацелася б, каб гэта было больш галосна, каб людзі пра гэта чулі».

Не задаволены электарат, хоча большае актыўнасці бяззменны кіраўнік краіны, спадзяюцца на лепшае і некаторыя дэпутаты. Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Сёння якраз прыйшоў час таго, каб у Палаце прадстаўнікоў, міністэрствах і ведамствах, апараце Саўміну, у апараце прэзідэнта і Адміністрацыі прэзідэнта з’явіліся людзі з крытычным мысленнем, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасць і выйсці за межы ўсіх прапанаваных сёння ўладнымі структурамі паўнамоцтваў і стратэгіяў».

Магчымасць дасягнуць гэтага адкрываецца на выбарах у Палату прадстаўнікоў, што мусяць адбыцца сёлета ўвосень. Але ці нешта сведчыць пра гатовасць да электаральнай лібералізацыі?

«У першую чаргу адсутнасць зменаў у выбарчае заканадаўства сведчыць, што аніякай практычнай лібералізацыі падчас будучай выбарчай кампаніі не плануецца», – гаворыць палітолаг Юрый Чавусаў.

У Палаце прадстаўнікоў бракуе плюралізму думак, але дзеля яго атрымання патрэбныя справядлівыя выбары. Што для ўладаў акажацца ў прыярытэце – пабачым увосень.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu