Лукашэнка загадаў праверыць эфектыўнасць дзяржаўных медыяў


Супрацьстаяць вонкавым медыйным атакам і стварыць новыя рэйтынгі сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўнік краіны вырашыў шчыльна заняцца інфармацыйнай палітыкай. Гэта спроба заглушыць крамлёўскую прапаганду, ці па-ранейшаму – змаганне з беларускімі блогерамі і незалежнымі журналістамі?

«Тут у нас вялікі кавалак працы, не сказаў бы, што мы дасягнулі поспеху ў гэтым плане».

Лукашэнка ўсвядоміў – дзяржаўныя медыі цярпяць крах у інфармацыйнай прасторы. Кажа, спецыялістаў шмат, але ўсё адно не спраўляюцца:

«Эфектыўнасць пакуль у нас слабая. Слабая, асабліва ў інтэрнэце, з рознага кшталту каналамі, старонкамі, сайтамі, асабліва ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння творыцца».

Загаварыў Аляксандр Лукашэнка і пра стварэнне новага інстытуту.

«Гаворка ідзе хутчэй за ўсё пра нейкую службу, якая будзе займацца рэйтынгамі медыяў. Мы бачым, што на нарадзе прысутнічалі кіраўнікі тэлеканалаў, і таму хутчэй за ўсё будзе гаворка пра рэйтынгі тэлеканалаў», – каментуе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Паводле ранейшых даследаванняў, найбольшай папулярнасцю ў Беларусі цешацца беларускія дзяржаўныя і гэтак званыя гібрыдныя каналы. Яны транслююць расейскія праграмы, але кантроль над іх паказам захоўваюць улады ў Менску.

«Беларусь мае свае тэлеперадачы, а самае галоўнае – рубільнік, які вызначае, што паказваць, а што не паказваць. То бок, пытанне, што з гэтым рабіць, было вырашанае. Але ёсць новая пагроза – у інтэрнэце такога рубільніку няма», – зазначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Але словы – гэта адно, справы – зусім іншае. Нягледзячы на спекуляцыі, улады не адключаюць расейскай прапаганды, калі яна не скіраваная супраць Лукашэнкі. Затое ўвесь час ціснуць на блогераў і незалежных журналістаў. Аляксандр Папко, палітолаг:

«Расейскія каналы ўспрымаюцца як пагроза, але не як асноўная пагроза. Не трэба мець ніякіх ілюзіяў».

Калі ж вяртацца да вымярэння рэйтынгаў, то апроч традыцыйных апытанняў, ёсць яшчэ і апаратная, больш кантактная ў простым сэнсе слова методыка. Тлумачыць кіраўнік кампаніі «Mia Research» Ірына Буйневіч:

«Сям’я, у яе ёсць пульт, у кожнага ёсць свая кнопка. І ён гэтай кнопкай, калі бярэ пульт, уключае яго. І апарат фіксуе, які чалавек, што апарат уключае, як доўга яго глядзіць».

Палітолаг Аляксандр Папко, аднак, заўважае – у аўтарытарнай краіне ўдзельнікі такога сацыяльнага даследавання могуць паводзіць сябе ненатуральна:

«Калі ў гэтых семʼях ёсць спадарожнікавыя тэлеканалы, на якіх паказваюць «Белсат», магчыма, яны будуць асцерагацца глядзець гэты «Белсат».

Больш за тое, эксперты мяркуюць – калі за справу возьмецца дзяржаўная фірма, то якаснай метадалогіі чакаць не выпадае. Бо дзеля гэтага патрэбныя вялікія фінансавыя і інтэлектуальныя высілкі. Але навошта іх прыкладаць, калі патрэбныя вынікі вядомыя загадзя.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / FORUM