Лукашэнка загадаў пазбавіцца датацыйных праектаў у прамысловасці


Датацыі спыніць, стратаў быць не павінна. Лукашэнка незадаволены станам беларускай прамысловасці. Падчас візіту на «Горадня-Азот» кіраўнік Беларусі загадаў адмовіцца ад ранейшай практыкі закідвання грашыма прадпрыемствы ды неадкладна заняцца іхнай мадэрнізацыяй. Якое выйсце будзе шукаць урад?

Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз заявіў аб недапушчальнасці выдзялення дзяржаўных датацыяў для буйных прамысловых прадпрыемстваў. Зноў паказуха? Ці на гэты раз усё ўжо сур’ёзна?

Гучнае патрабаванне прагучала падчас візіту Лукашэнкі на «Горадня Азоце», дзе ён інспектаваў сітуацыю ў хімічнай прамысловасці рэгіёну.

«Мае патрабаванні вам вядомыя: ніякіх стратных і датацыйных праектаў у краіне быць не павінна. Накіраванне бюджэтных сродкаў на ўсялякія даробкі-пераробкі катэгарычна выключаецца», – заявіў Лукашэнка.

Даробкі-пераробкі – а як жа маштабныя кампаніі для мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў? Бо толькі на апрацоўванне дрэва ўлады выдаткавалі 860 мільёнаў долараў бюджэтных сродкаў, а некаторыя прадпрыемствы так і не могуць выйсці на прыбытковасць. Рынак – рэч жорсткая.

«Прадпрыемствы, якія разлічваюць на гэтыя датацыі, ці нейкія выгоды – змяншэнне падаткаў ці льготнае крэдытаванне, яны пачынаюць, як чалавек, якога кінулі ў ваду, а ён не ўмее плаваць – і ён пачынае боўтацца. І ў яго два выйсці – ці ён паплыве, ці ён патоне», – кажа эканаміст Леў Марголін.

А каб не патанула, улады перад закідваннем грошай у прамысловасць нарэшце сталі задавацца пытаннем: для чаго гэта робіцца? Відаць, свежы прыклад атамнай электрастанцыі стаўся добрым урокам.

«Як гэта бывае, усе зыходзілі з таго, што палічылі: а, мадэрнізацыя старога столькі, закупка новага – столькі. Але не пачалі з галоўнага – куды будзем прадукцыю дзяваць?» – адзначыў Лукашэнка.

Аднак раней, паводле экспертаў, улады неаднаразова спрабавалі штучна напампаваць грашыма прадпрыемствы з мэтаю павялічыць плацежаздольны попыт насельніцтва. Вынікам стаўся шэраг абвалаў беларускага рубля і пагаршэнне эканамічнага стану краіны. Цікава, а як на датацыі прамысловасці цяпер глядзяць звычайныя беларусы?

Жыхары Менску кажуць:

«Мадэрнізацыю трэба праводзіць. На датацыях не працягнеш».

«На датацыях нічога добрага не атрымаецца. Толькі сучасная вытворчасць!»

«Датацыі не дапамогуць гэтыя. Калі накрыецца, будзе ўсё».

«Трэба браць, але пад нешта канкрэтнае. То бок узяў і адпрацаваў – тады выжывуць».

Апазіцыяй дзяржаўным датацыям у пытанні мадэрнізацыі прамысловасці ёсць прыватызацыя прадпрыемстваў. Аднак улады своеасаблівым чынам разумеюць гэты працэс.

«Умовы на самой справе неспрыяльныя, я б сказаў больш – невыканальныя. І таму мы бачым, што з года ў год планы ў прыватызацыі ў нас не выконваюцца. Можа прыйсці час, калі не будзе чаго прыватызаваць, гэтыя прадпрыемствы ў большасці сваёй памруць уласнай смерцю», – мяркуе Леў Марголін.

На меркаванне экспертаў, такая смерць можа быць вельмі пакутліваю і прынесці шмат праблемаў як насельніцтву краіны, гэтак і ўладам – у выглядзе высокага беспрацоўя ды сацыяльнай напружанасці.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»