Лукашэнка загадаў даць беларусам «цярпімы» заробак


Заробкі трэба павысіць! Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў перад новапрызначанымі кіраўнікамі выканкамаў. Павысіць, што праўда, не да годнага, а да цярпімага ўзроўню. На годным жа ўзроўні кіраўнік краіны запатрабаваў правесці працэдуру выбараў. З якімі задачамі ў стане справіцца чыноўнікі – павысіць даходы або адсоткі на выбарах?

12 старшыняў райвыканкамаў і яшчэ шэраг новых пасадоўцаў. Аляксандр Лукашэнка прыняў новыя кадравыя рашэнні. Прыняў і адразу раздаў указанні:

«Усё ж такі выбары. Трэба звярнуць увагу кіраўнікоў, што заробак – гэта святое, гэта асноўная крыніца даходу нашага насельніцтва, яго трэба выплачваць своечасова і забяспечваць рост. (…) Пастарайцеся зрабіць усё, каб заробак быў калі не годны – паўсюль гэтага не зробіш, – то цярпімы».

Зрэшты, калі давяраць афіцыйнай статыстыцы, заробкі ў Беларусі растуць. Гэтак, паводле «Белстату», сярэдні намінальны заробак у чэрвені склаў больш за 1080 рублёў.

«З пачатку года заробкі выраслі амаль на 8 адсоткаў, а прадукцыйнасць працы – толькі дзесьці на паўтара працэнту. То бок, як мінімум у 5 разоў цяпер заробкі растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы», – мяркуе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

І дадае: такое неабгрунтаванае павышэнне выплатаў пагражае інфляцыяй. Што да звароту Лукашэнкі да мясцовых уладаў, то апошнія працадаўцамі не з’яўляюцца.

«Можа, яны і падымуць неяк для сябе, для чыноўнікаў, для банкіраў, для МУС і сілавых структураў. Але я не думаю, што гэта для працоўнага люду неяк скажацца».

«Загадамі мы нічога не дабʼемся! Трэба зацікавіць працоўных, каб ім выгадна было добра працаваць і добра зарабляць!»

«У нас такая краіна. У нас стабільнасць, усё роўна. Як было, так і будзе!», – кажуць апытаныя намі жыхары Віцебску.

Аляксандр Ярашук нагадвае: без рэфармавання эканомікі сапраўды вялікага скачку заробкаў чакаць не выпадае:

«Краіна вычарпала ўсе рэсурсы для росту заробкаў. Таму яны апошнія 10 гадоў і вагаюцца каля гэтай магічнай лічбы ў 500 долараў ці зараз 1000 рублёў. І не туды, і не сюды. Крыху больш, крыху менш».

Прамаўляючы ж да мясцовых чыноўнікаў, Лукашэнка таксама паставіў яшчэ адну задачу – годна правесці сёлетнюю парламенцкую, а таксама запланаваную налета прэзідэнцкую кампанію:

«Партыйных органаў у нас няма. КПСС няма. То бок, асобна палітыкай займацца няма каму. Таму ўсё засяроджана ў вашых руках на месцы».

Ад 1996 года дэмакратычныя краіны Захаду рабілі выснову, што на ніводных выбарах у Беларусі галасы сумленна не лічыліся. То навошта ў такім разе патрэбная перадвыбарчая рыторыка пра павышэнне заробкаў?

«Нейкі парадак, у нейкіх рамках усё ж такі трэба знаходзіцца. Таму не выпадкова ён увесь час разважае пра дэмакратыю, гэта агульны прынцып», – мяркуе палітолаг і сацыёлаг Сяргей Нікалюк.

Але нягледзячы на рыторыку, сёлета, паводле палітолага, на фоне нядаўніх выбараў ва Украіне беларусы асабліва выразна адчуюць сутнасць выбарчага працэсу ў Беларусі. Маўляў, і без спецыялістаў людзі ўсё зразумеюць, дзе сапраўдныя выбары, а дзе – імітацыя.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu