Лукашэнка загадаў дамаўляцца з амерыканцамі на нафтавыя крэдыты


З белага аркуша пачынае новую старонку сваёй карʼеры Юрый Назараў, які з канцэрну «БелЛесПапераПрам» трапіў у крэсла віцэ-прэмʼера. І цяпер будзе адказваць за нафтахімічны комплекс. Назараў на даручэнне кіраўніка краіны разам з іншымі ўрадоўцамі маюць шукаць новыя крыніцы нафты і будаваць лагістыку паставак ажно з Амерыкі. Што яшчэ прагучала на нарадзе ў Лукашэнкі ў справе нафта-перапрацоўкі?

Новы віцэ-прэмʼер Юрый Назараў – плоць ад плоці «лясгасу» – факультэту лясной гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. Быў выпускніком і лабарантам «лясгасу», ляснічым, дырэктарам Горацкай лясной гаспадаркі, намеснікам ляснога міністра і старшынём «БелЛесПапераПраму», а цяпер будзе займацца нафтавай незалежнасцю Беларусі і пошукам новых крыніцаў. Бо Аляксандр Лукашэнка зноўку заўважыў, што Масква карыстаецца трубаправодам «Дружба» для небратэрскага палітычнага ціску.

«І справа тут не толькі ў тым, што хтосьці за вентыль хапаецца. Справа яшчэ і ў тым, што мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўжды прыводзіць да падобных вынікаў», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

На адмысловым нафтавым паседжанні Аляксандр Лукашэнка загадаў ураду знайсці такіх пастаўнікаў і пабудаваць такую лагістыку, каб купляць у Расеі толькі 40 % ад цяперашніх паставак нафты. Дзеля гэтага на Наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ па 30 % сыравіны трэба купляць танкерамі з Балтыйскага і Чорнага мора адпаведна. І не так, як цяпер, а кавалкамі трубаправоду «Дружба» у рэверсным рэжыме.

«Возім чыгункай з балтыйскіх портаў, а трэба па трубе. Гэта ж не праблема пабудаваць. Там, дарэчы, ёсць пара трубаў, якія б нас задаволілі, калі б мы іх прывялі ў парадак і дамовіліся з балтыйскімі дзяржавамі пра гэтыя трубы», – заявіў Лукашэнка.

Труба ад Венстпілсу да Наваполацку цяпер прастойвае. У тым ліку таму, што кампанія «БелЛатТранс» раней зліла адтуль тэхналагічную, буферную нафту. Тэарэтычна яна можа прыносіць прыбытак і Беларусі, і Латвіі.

«Кампанія прайграла Беларусі суд, кампанія вінная Беларусі за злітую нафту вельмі прыстойныя грошы, з улікам пені, розных санкцыяў, у ідэале было б неверагодна эфектыўна… перадаць гэты нафтапровад Беларусі, прывесці яго ў адпаведны стан», – нагадвае палітолаг Вольга Харламава.

Украінскі кірунак – трубаправод Адэса-Броды – таксама стаіць незагружаны, патрабуе завяршэння шэрагу інфраструктурных абʼектаў і генеруе страты для ўкраінскага бюджэту.

«Каб Адэса-Броды быў прыбытковым праектам, трэба, каб трубаправод перакачваў на год ад 700 тыс. тон і болей. Максімальная ягоная магутнасць – 10 млн тон», – тлумачыць аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Але праблемаў хапае ад мора да мора.

«Стан партавой інфраструктуры горада Адэсы, вайна на Данбасе і анексія Крыма – закрытыя зоны для праходу караблёў, і гэта карупцыя ў адміністрацыі марскіх партоў Украіны», – нагадвае Ігар Тышкевіч.

Вялікае пытанне – пастаянства Беларусі як пакупніка. Сёння сыравіна танная – за барэль расейскай URALS на біржах даюць менш за $45. Але для выгодных паставак трэба не хуткія пакупкі на спотавым рынку, а доўгатэрміновыя кантракты, мяркуе эканаміст Сяргей Жбанаў:

«Азербайджанская кампанія нам заяўляе, што яшчэ нядаўна ў іх не было свабодных абʼёмаў нафты, і вось дзякуй ім, знайшлі 2 танкера. Адкуль возьмуцца вялікія абʼёмы нафты?»

Вольга Харламава нагадвае гісторыю ранейшых нафтавых канфліктаў Беларусі і Расеі:

«У нас з Азербайджанам было некалькі вельмі непрыемных сітуацыяў, калі мы заключалі першасныя пагадненні і далей за першасныя пагадненні не ішлі, бо Расея рабіла нам прапанову, ад якой мы не маглі адмовіцца. Мы кідалі ўсіх партнёраў, якія б маглі дапамагчы нам дыверсіфікаваць пастаўкі нафты ў Беларусь».

Цяпер кіраўнік Беларусі не проста абвесціў дыверсіфікацыю, ён загадаў ураду знайсці магчымасці наладзіць лагістыку паставак з удзелам замежных энергетычных кампаніяў. Ды публічна абвесціў, што заручыўся падтрымкай дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа аб танкерах з Амерыкі. Таму цяпер, паводле Лукашэнкі, беларускі ўрад будзе дамагацца танных амерыканскіх крэдытаў на пабудову дзейных трубаправодаў ад мора. Прынамсі, на словах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»