Лукашэнка загадаў берагчы пчол, бо «размова будзе вельмі кароткая»


Лукашэнка – усяму галава. На селектарнай нарадзе кіраўнік краіны дзяржслужбоўцам даў адказныя даручэнні, калгаснікам распавёў, што сеяць і як збіраць ураджай. Адказных за збор прызначыў не кіраўнікоў гаспадарак, а прэм’ер-міністра і міністра ўнутраных справаў.

Ані чэрвеньская засуха, ані ліпеньскія залевы – не перашкода. Лукашэнка сабраў кіраўнікоў вобласцяў ды пасадоўцаў і ў загадным стылі вызначыў – сёлетні ўраджай зерня мае быць у паўтара разу большы за леташні:

«Трэба задзеяць усе наяўныя рэзервы. З палёў мы маем узяць 9,5 мільёнаў тонаў: і рапс, і кукуруза на зерне, і каласавыя, і грэчка, і проса. Ніжэй за 9 нельга!»

Аптымістычна, але ці рэалістычна? Пытаемся ў жыхароў вёскі на Магілёўшчыне:

«Не, калі казаць шчыра, то не. Засуха была, зусім дробнае зерне».

«Летась было лепш. Не будзе лепш! Надворʼе зусім не дае! Не дае нават камбайнам выходзіць у поле. Зерне ўсё палягло!»

«Павінен быць ураджай! Можа і не столькі, колькі летась, але будзе!»

«Ураджай у нас вельмі добры. Вялікі дзякуй старшыні, кіраўніцтву», – кажа спадар сталага веку, але праз хвілінку працягвае:

«Страты будуць багатыя, няма чаго гаварыць. У параўнанні з мінулым годам, страты сёлета будуць вельмі вялікія».

«Вядома, цяпер дрэннае надворʼе было, і яно трохі псуе ўраджай. Але думаю, усё адновіцца. Будзем спадзявацца на лепшае».

Спадзявацца аднак, не выпадае, мяркуе адмысловец у сельскай гаспадарцы Пётр Мігурскі: «І астатняя надзея толькі на прыпіскі». Пасля дадае: нават леташні ўраджай быў недастатковы:

«Недабор мяса і асабліва недабор малака, які цяпер адчуваецца ў Беларусі, гэта акурат вынік таго, што не нарыхтавалі адпаведнае колькасці кармоў».

На селектарнай нарадзе Лукашэнка засцярог ад залішняга засявання рапсам і несвоечасовай хімічнай апрацоўкі:

«У Расеі шалёная пагібель пчол. (…) Глядзіце, каб у нас гэтага не паўтарылася, бо размова будзе вельмі кароткая».

Не забыўся Лукашэнка і пра неабходнасць барацьбы з пʼянствам і прыпіскамі на гаспадарках. Паводле ж апазіцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі («Еўрапейскі дыялог»), селектарныя нарады Лукашэнкі выклікаюць толькі сарказм і ўсмешку, але не маюць рэальнага плёну:

«Мы сёння не вытрымоўваем канкурэнцыі з палякамі, мы не будзем канкурэнтнымі праз некалькі гадоў і з украінцамі. І гэта азначае, што вялікі эксперт у сельскай гаспадарцы Аляксандр Лукашэнка ў той галіне, дзе ён насамрэч атрымаў нейкія веды і меў пэўны досвед, і тут ён аказаўся лузерам».

Селектарныя ж нарады, паводле Анатоля Лябедзькі, гэта проста стыль кіравання Лукашэнкі, які за апошнія 25 гадоў гэтак і не змяніўся. Іншая справа, што апошнімі гадамі іх стала нашмат менш. Апошняе такое паседжанне адбылося ў 2017 годзе.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: ERIC GAILLARD / Reuters / Forum