Лукашэнка: з ШАС зробім ІТ-экасістэму ШАС


Нявызначанасць у сучасным свеце сталася новаю «нармальнасцю». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на паседжанні Савету кіраўнікоў дзяржаваў Шанхайскай арганізацыі супрацы ў кітайскім Цін-Даў.

«Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур’ёзных канфліктаў з непрадказальнымі наступствамі», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Адным з галоўных гарантаў бяспекі, стабільнасці і «здаровага сэнсу» у міждзяржаўных адносінах Лукашэнка называе ШАС. Шукаць новых пунктаў судакранання ды пашырэння кірункаў супрацы ў Вялікай Еўразіі прыхільнік ідэі «інтэграцыі інтэграцыяў» прыехаў з 13-гадовым сынам.

«З пункту гледзішча ўладаў Беларусі, думаю, гэта адзін з момантаў, праз які Беларусь імкнецца сябраваць з Кітаем. Сябраваць з Кітаем, безумоўна, трэба», – мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

І хоць Беларусь, нароўні з Афганістанам і Манголіяй, усяго толькі краіна-назіральніца ў ШАС, Лукашэнка даволі навязліва прапаноўвае арганізацыі ўзаемную супрацу ледзь не ў кожным сектары эканомікі. Незалежныя эканамісты, што праўда, моцна сумняюцца наконт канкурэнтнай здольнасці беларускай прадукцыі. Маўляў, кітайскае набываць – танней і зручней, а якасць іхнае прадукцыі расце.

«Лукашэнка заяўляе – я тут дамовіўся! Але ж чаму не прадаюцца трактары і далей? Я ж дамовіўся… Ну і што, што дамовіўся? Гандлёвыя структуры, сэрвісныя сістэмы не створаныя, грошы не ўкладзеныя. Ну і што, што ты дамовіўся?», – кажа эканаміст Аляксандр Абуховіч.

Павялічыць экспарт, а, значыць, і нарасціць аб’ёмы валюты можна толькі праз стварэнне якаснай і запатрабаванай прадукцыі, ужо каторы раз падкрэсліваюць адмыслоўцы. Але кіраўніцтва Беларусі па-ранейшаму робіць стаўку на дыпламатыю і «сяброўства». Адсюль – і адвечныя праблемы ў выглядзе гандлёвых войнаў ды стратных праектаў.

«Кітай можа быць зацікаўлены ў гандлі з Беларуссю толькі высакаякаснымі, высокатэхналагічнымі прадуктамі. Таму IT-краіна, лічбавая эканоміка, можа быць, зацікавіць Кітай на беларускім рынку», – упэўнены Уладзімір Мацкеыіч.

А таму яшчэ адная прапанова Лукашэнкі – стварэнне агульнай электроннай платформы IT-экасістэмы ШАС, якая можа абʼяднаць у сабе магчымасці медыяў, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і «шмат чаго іншага». Але ж і тут, як кажуць эксперты, давядзецца сутыкнуцца з рознагалоссямі ды велізарнаю канкурэнцыяй, а голас Беларусі будзе мала што значыць.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»