Лукашэнка вызначыўся, з кім сябраваць па нафце?


Пятую частку патрэбнай для Беларусі нафты ўрад намераны набыць у Казахстане. Пры гэтым не знікае надзея дамагчыся зніжак ад усходняй суседкі. Чым скончацца нафтавыя перамовы ў Нур-Султане і Маскве?

Лукашэнка прыляцеў у Сочы, а дэлегацыя «Белнафтахіму» – у Казахстан. Тэма перамоваў аднолькавая – цана паставак нафты.

«Сёлета Расея абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць 24 мільёны тонаў нафты, па два мільёны кожны месяц. У студзені паставіла 500 тысячаў тонаў – адну чвэрць!» – на адмысловай нарадзе перад паездкай абураўся Аляксандр Лукашэнка.

І тое паставілі гэтую нафту прыватныя фірмы Міхаіла Гуцэрыева. Дзяржаўная «Транснефть» сыравіны не прадае ўжо другі месяц – Менск і Масква не дамовіліся пра цану. Ці казахская нафта будзе выгаднейшая за расейскую?

«Калі нафта – гэта дадатак да нейкага пагаднення, да кантролю над нашаю фінансавай, падатковай, мытнай тэрыторыяй, то цана яе – гэта не толькі цана тавару, але незалежнасці», – каментуе кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Цана казахскай нафты будзе блізкая да расейскай – абяцае віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. У Казахстане ўрад хоча купіць тры з паловай мільёны тонаў. Даставіць яе плануюць трубаправодам «Дружба».

«Толькі ад Расеі залежыць, ці будзе гэтая нафта, ці не. Дасюль не пускалі, і гэта было палітычнае рашэнне. Гледзячы на тое, як разгортваюцца стасункі паміж Беларуссю і Расеяй, можна сказаць, што шанцы на тое, што казахская нафта трапіць да нас менавіта такім шляхам, амаль роўныя нулю», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Неабходнасць шукаць новага пастаўшчыка ўзнікла з прычыны падатковага манеўру Расеі ў нафтавай сферы. Праз чатыры гады цэны на нафту для Беларусі Крэмль зраўняе з сусветнымі.

– Прадайце нам паводле сусветных цэнаў!

– Не, мы вам паводле сусветных не прадамо! Сёння 55 долараў каштуе барэль нафты (бочка нафты), а вы нам яшчэ даплоціце 12 долараў за тону.

– За што?

– А гэта прэмія нашым кампаніям за тое, што мы вам паставім.

Так сутнасць перамоваў з Крамлём перадаў нядаўна кіраўнік Беларусі. Расейскі ўрад кіруецца эканамічным разлікам ці палітыкаю?

«Гэта палітыка нафтавых магнатаў, але ў іх нічога не атрымаецца!»

«Палітыка Лукашэнкі правільна ідзе! Я яго цалкам падтрымліваю. А тое, што расейцам усё не стае, – то што зробіш! Там ва ўрадзе бандыты адныя сабраліся!»

«А ўвогуле Расея нам не патрэбная. Да нас прыязджаў таварыш з Амерыкі. Ён сказаў: «Калі ласка, бярыце ў нас нафту!» – каментуюць жыхары Берасця.

Прадаць нафту паводле канкурэнтнай цаны падчас візіту ў Менск прапанаваў дзяржсакратар ЗША. Партыю на 86 тысячаў тон – якой нашым НПЗ дастаткова на два дні – купілі ў Нарвегіі. Перамовы ўрад вядзе з Казахстанам і Азербайджанам. Калі раней усю нафту куплялі ў Расеі, то праз пяць гадоў павінныя набываць толькі 40 адсоткаў – загадаў нядаўна кіраўнік Беларусі.

«Беларускі бок пакуль выкарыстоўвае дыверсіфікацыю паставак энерганосьбітаў як інструмент псіхалагічнага ціску на расейскі бок, каб дамагчыся пэўных саступак», – мяркуе кіраўнік Цэнтру геапалітычных і стратэгічных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Аднак калі Масква перастане пастаўляць нафту паводле льготных коштаў, то зменіцца не толькі беларуская эканоміка, але і стасункі з Расеяй.

«З рацыянальнага пункту гледжання Беларусі больш не варта прытрымлівацца гэтай стратэгічнай дамовы, а шукаць тых гульцоў, з якімі яна здолее заключыць новую стратэгічную дамову. Гэта Злучаныя Штаты або Кітай, а лепей – каб з усімі», – зазначае Арсеній Сівіцкі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што заўтра ў Сочы наступіць момант ісціны – канчатковае высвятленне нафтавых адносінаў з Расеяй.

Аляксандр Папко belsat.eu