Лукашэнка выдаў $ 600 мільёнаў на расейскія бамбавальнікі. Палітолаг: Ён баіцца ўкраінскага сцэнару


У Беларусь прыйшла першая пара вайсковых знішчальнікаў Су-30, набытых у Расеі. Як зазначыў дзяржсакратар Савету бяспекі Станіслаў Зась, самалёты набылі сваімі сіламі, бо расейскі бок прапаноўваў фінансавую дапамогу на іх у абмен на вайсковую базу ў нашае краіне. Сёння пытанні бяспекі ды аховы межаў былі галоўнымі на парадку дня кіраўніка Беларусі.

Над мірнаю беларускаю зямлёю цяпер лятаюць шматмэтавыя знішчальнікальнікі. 1/10 Дзве першыя сталёвыя птушкі напярэдадні прыляцелі з Расеі, каб загняздзіцца на баранавіцкай авіябазе. Паводле міністэрства абароны, у будучым будуць пастаўленыя яшчэ 10 самалётаў Су-30 СМ. Кошт аднаго такога летака – 50 мільёнаў долараў. Але гэта не шчодры падарунак ад галоўнага хаўрусніка, а выдатак беларускага боку.

«Калі ўсе пабачылі суму кантракту, пачасалі патыліцы. Таму што гэта сапраўды міжнародныя цэны. Можа, на 5 мільёнаў долараў танней», – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Зніжка ў пяць мільёнаў долараў пры кантракце ў 600 мільёнаў долараў за 12 летакоў, сапраўды, мала адчувальная.

Жыхары Гомлю:

«У абарону інвестыцыі заўсёды апраўданыя».

«Можна ў іншую справу пусціць грошы. Больш ёсць куды: у дарогі, садкі, школы».

«Усе да нечага рыхтуюцца, самі не ведаюць да чаго».

«Шпіталі, паліклінікі, дзіцячыя сады, школы – вось што нам трэба».

«Можа яно і трэба на ўсялякі пажарны выпадак, але непажадана, канешне».

Міністэрства абароны сцвярджае, што гэта неабходная пакупка: цяперашні парк беларускай баявой авіяцыі цалкам знасіўся. А адзін Су-30 здольны замяніць адразу дзясятак машын, бо ён і перахватчык, і бамбавальнік, і ракетаносец, і выведнік, інакш кажучы, можа абараняць нас, а можа і здзяйсняць удары па тэрыторыі іншых дзяржаваў. Для абароны Беларусі дастаткова было купіць таннейшы МІГ-35.

«Я думаю, Расея паставіла ўмовы: вы павінныя купіць менавіта Су-30, бо ў інтарэсах групоўкі Беларусь-Расея СУ-30 могуць выконваць ударныя задачы, удары па зямлі: і бомбавыя і ракетныя ўдары нанасіць», – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Калі інтарэс Расеі, то чаму старэйшы брат не дапамагае, абураўся сёння Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з кіраўнікамі Рады бяспекі і Дзяржаўнага памежнага камітэту.

«Мы сёння працуем на Расейскую Федэрацыю. Гэта таксама грошай каштуе. І не толькі грошай. Усё грашыма не змерыш. І мы ўсё роўна нахлебнікі», – заявіў Лукашэнка.

Афіцыйны Менск шматкроць прасіў Расею дапамагчы ў абнаўленні авіяпарку, але расейскі бок замест дармовых або самалётаў па ільготным кошце прапанаваў размясціць на тэрыторыі Беларусі СВАЮ авіябазу, што было б падвойным ударам – па суверэнітэце краіны і асабістай уладзе Лукашэнкі.

«Ён вельмі засцерагаецца таго, што Расея атабарыцца са сваймі войскамі, потым у нейкай сітуацыі можа пачаць вырашаць тут свае задачы прыблізна па ўкраінскім сцэнары», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Сотні мільёнаў долараў за знішчальнікі – гэта не апошні выдатак Беларусі, бо набытыя СУ-30 – гэта голыя летакі, для якіх яшчэ давядзецца прыдбаць надзвычай дарагое ўзбраенне. Але чаго не зробіш дзеля рэалізацыі жадання кіраваць парадам.

Вольга Старасціна belsat.eu