Лукашэнка выбівае ў Расеі грошы, каб расплаціцца з народам


Перапалка паміж прэмʼерамі Андрэем Кабяковым і Дзмітрыем Мядзведзевым на міжурадавым паседжанні ў межах Еўразэс стала нагодаю, каб Аляксандр Лукашэнка чарговы раз вярнуўся да тэмы беларуска-расейскіх дачыненняў.

Палохаюць коштамі на газ

«Нас пачынаюць палохаць, што газ будзеце купляць па еўрапейскіх коштах, не $ 150, а $ 200, гэта намёк на тое, што нам робяць нейкі падарунак. Мядзведзеў мусіць разумець што калі мы будзем плаціць, як у Еўропе, то яму таксама давядзецца плаціць», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Запазычанасць Менску перад «Газпромам» складае $ 600 млн

Усе апеляцыі беларускага боку да роўных умоваў гаспадарання ў межах інтэграцыйнага абʼяднання застаюцца без адказу.

«Нашыя партнёры цудоўна ведаюць, што 96 % электраэнергіі ў краіне вырабляецца з расейскага прыроднага газу, як у такой сітуацыі можна канкураваць на агульным рынку? Беларусь згодная рухацца наперад, але мы супраць таго, каб рабіць выгляд, што рухаемся наперад», – заявіў прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

У аўторак прэмʼер Расеі рытарычна паказаў Менску на дзверы з Еўразэс

Мядзведзеў заўважыў, што ў выпадку еўразэксіту кошты на вуглевадароды для нашай краіны будуць яшчэ большыя.

«Не трэба нічога даказваць і падлічваць, усе было б значна даражэй, пра гэта трэба памятаць, калі прымаюцца рашэнні, якія блакуюць ці тармозяць нашую інтэграцыю, вось і ўсё. Урэшце тут гвалтам ніхто нікога не трымае», – выказаўся расейскі прэмʼер.

У «Газпроме» цвердзяць, што кошты на газ для Беларусі застаюцца ніжэйшыя за сярэднееўрапейскія. Гэта і так, і не. Бо калі выкрасліць кошты транзіту і параўнаць, колькі ў сярэднім еўрапейцы плацілі за газ у 2016 годзе $ 167 і паглядзець на кошты, якія Газпром выставіў для Менску з 1 студзеня $ 141, то розніца зусім невялікая.

Нашая краіна ўжо плоціць еўрапейскія кошты за блакітнае паліва

«Масква не можа пайсці на роўныя ўмовы гаспадарання з Менскам, бо гэта дасць магчымасць Беларусі атрымаць вельмі шмат, чаго не хочацца Маскве і таму гэта пастаянны гандаль і пастаянныя сутыкненні з-за супярэчнасці агульных падыходаў, якія ёсць у гэтай схеме адносінаў», – патлумачыў эксперт Андрэй Ягораў.

У актыўнай стадыі харчовая вайна

Кошты на газ – толькі адное з пытанняў, дзе Менск і Масква ўсцяж не могуць дамовіцца. На парадку дня і прэтэнзіі да беларускіх харчоў з боку «Рассельгаснагляду».

«Лукашэнка хоча завесці на мяне крымінальную справу. Дык што ён зробіць са сваім чалавекам, які скажа яму праўду? І атрымліваецца, што іхныя лекары бяруць аналізы, і яны ўсе добрыя. Але мы цяпер будзем ставіцца да іх гэтаксама, як і да іншых замежных калегаў. Другое парушэнне прадпрыемства? Закрываем пастаўкі!», – папярэдзіў Сяргей Данкверт.

Кошты на газ, пастаўкі харчоў на расейскі рынак і яшчэ 1-2 пытанні маюць урэшце развязаць падчас паседжання Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Вось толькі сустрэча мусіла адбыцца яшчэ ў лютым, але дагэтуль бакі не могуць нават акрэсліць яе прыблізнай даты.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Sergei Karpukhin / Reuters / Forum