Лукашэнка вернецца з Кітаю не з пустымі рукамі

Міжнародны форум эканамічнай супрацы «Адзін пояс – адзін шлях», які прайшоў у Пекіне, сабраў дзясяткі прэзідэнтаў і прэмʼераў з усіх кантынентаў свету. Усе ў чарзе па кітайскія грошы. У тым ліку і Аляксандр Лукашэнка. Які на апошняй сустрэчы з Сі Цзінь Пінам рассыпаўся прыгожымі словамі.

«Самая яскравая і самая моцная, я шчыра кажу за 20 гадоў працы прэзідэнтам такога не бачыў, і я пра гэта казаў ужо ў кулуарах, гэтая я пра вашае ўступнае слова», – ліслівіў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка пераўзыйшоў сам сябе

Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, такое красамоўства Лукашэнкі можна патлумачыць тым, што Менск разглядае Пекін як геапалітычную супрацьвагу Еўразвязу і Расеі. Пагатоў апошнім часам эканамічная супраца з Крамлём ідзе ўсё цяжэй.

«Падаецца ў выпадку са старшынём КНР Сі Цзінпінем ён нават пераўзыйшоў сам сябе, калі сказаў што была выдатная прамова і настолькі выдатная, што мы ў Беларусі будзем яе вывучаць. І я цяпер баюся, каб сапраўды беларускім ідэолагам не пачалі раздаваць прамову спадара Сі ў якасці нейкіх ідэалагічных матэрыялаў для вывучэння», – паўжартам кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Абмяркоўвалі бязвіз і крэдыт

Падчас сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Кітаю бакі паабяцалі разгледзець пытанне 30-цідзённага бязвізавага рэжыму паміж нашымі краінамі. Акрамя таго, Сі Цзінь Пін не выключае магчымасці выдаць крэдыт памерам $ 1 млрд. на завяршэнне мадэрнізацыі заводаў перапрацоўвання нафты ў Беларусі.

«Кітай не дае Беларусі грошы за проста так. Хоць яны і пад нармальны адсотак, але гэта звязаныя крэдыты. Што гэта значыць? Тое што пад гэтыя грошы прыязджаюць кітайскія адмыслоўцы ў Беларусь, прывозяць з сабой кітайскія матэрыялы. А атрымліваецца, што кітайцы зарабляюць тыя ж грошы, якія Беларусь атрымала ў якасці крэдытаў», – звяртае ўвагу спадар Цыганкоў.

Выпраменьвае аптымізм і Міністэрства эканомікі

Паводле якога кітайская чыгуначная будаўнічая карпарацыя, магчыма, прыме ўдзел у будаванні высакахуткаснай чыгункі ў нашай краіне ад мяжы з Еўразвязам да мяжы з Расеяй. А Міністэрства сельскай гаспадаркі цвердзіць, што кітайцы плануюць інвеставаць больш за $ 1 млрд. у вытворчасць беларускіх харчоў, якія пасля будуць пастаўляцца ў Кітай.

Зробім камень вялікім зноў

Пра хуткае развіццё беларуска-кітайскіх дачыненняў і перспектывы супольных праектаў беларусы чуюць не першы год. Адзін з самых гучных прыкладаў – індустрыйны парк «Вялікі камень», што каля Смалявічаў. На які, таксама як і цяпер, Лукашэнка ўскладаў велізарныя спадзевы.

Паводле плану ўраду Беларусі, да 2020-га года ў «Вялікім каменю» мусяць працаваць каля сотні кампаніяў, з агульным абаротам дзясяткі мільярдаў долараў. Што праўда, пакуль рэзідэнтамі парку сталіся толькі 13 кампаніяў. А мільярдавыя паступленні з беларускай «крэмніевай даліны» гэтак і застаюцца марамі Лукашэнкі.

Юрый Салодкі «Белсат», фота: Reuters / Forum

Глядзі таксама