Лукашэнка ўзяўся за школы. Будзе, як у СССР


Калі мусіць пачынацца першы ўрок? Як дзеці мусяць сядзець за партамі? Як іх апранаць, карміць і ацэньваць? І галоўнае – чаму іх вучыць? Усё настолькі складана, што ў Беларусі Міністэрства адукацыі не дае рады без дапамогі кіраўніка краіны. А ён сам бацька школьніка, таму ведае, як трэба.

«Каб Першага верасня дзеці былі аднолькавыя. Не тое, каб яны мусяць быць апранутыя ў чорна-белыя пярэднічкі і гольфы ці сукенкі. Не. А каб не вылучаліся дзеці з небагатых сем’яў», – выказаў пажаданне кіраўнік Беларусі.

Гэтыя ды іншыя ўстаноўкі Аляксандр Лукашэнка даў напярэдадні міністру адукацыі Ігару Карпенку і віцэ-прэм’еру Васілю Жарко падчас іх справаздачы аб падрыхтоўцы да навучальнага года. Беларусы адказалі жартамі ў Інтэрнэце – заклікалі зрабіць адзіны ўзор букетаў для настаўнікаў, дый апрануць у аднолькавую форму чыноўнікаў. Каб ніхто не вылучаўся багаццем.

Лукашэнка загадаў абмеркаваць: ці варта вярнуцца да 5-бальнай сістэмы

Міністры, як заўжды, не спрачаліся. Віцэ-прэм’ер дык паабяцаў перабудаваць піраміду навучання, а то яна перагорнутая. Бо дзяржава патрабуе больш навучэнцаў вучылішчаў і тэхнікумаў.

На думку адмыслоўцаў, праблема не ў распаўсюджанасці вышэйшай адукацыі, а ў яе заканадаўчай неабходнасці.

«Калі гэта адукацыя фармальная, калі «дзеля корачкі», то гэта вялікая праблема звязаная з Кодэксам законаў аб працы. На жаль, ён напісаны так, што без дыплома аб вышэйшай адукацыі можна хіба што прыбіраць памяшканні», – тлумачыць выкладчык Яўгеній Лівянт.

У адукацыі трэба развязваць сістэмны крызіс

«Няякасныя школьныя праграмы, кепскія школьныя падручнікі, якія адпавядаюць няякасным школьным праграмам, фантастычная забюракратызаванасць, якая паралізуе працу школаў, і вельмі нізкі сацыяльны статус настаўніка», – падсумаваў стан рэчаў спадар Лівянт.

Вяртанне да 5-бальнай сістэмы ды іншыя змены міністры абяцаюць толькі праз год. Але аднолькавасць дзяцей на першым званку, магчыма, будзе заўважная ўжо сёлета.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»