Лукашэнка ўзяўся ўратаваць айчынныя трактары


Беларускіх трактароў прадукуюць усё менш і значна менш купляюць за мяжою. Тое, што, да прыкладу, Менскі трактарны завод даўно ў крызісе – сёння не таямніца. Да праблемаў трактарабудаўніцтва часта вяртаецца кіраўнік краіны. Сёння ён адзначыў, што гэтая галіна закранае інтарэсы ўсёй дзяржавы.

Лукашэнка прызнаў: ідэі на трактарнае адраджэнне няма

«Адсутнасць адзіных падыходаў у развіцці трактарабудаўніцтва выклікае сурʼёзную занепакоенасць. Калі нехта на нечым настойвае, няхай патлумачыць і давядзе, што гэта шлях, па якім мы мусім ісці», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

А лічбы пакуль кажуць за сябе. Калі ў 2012 годзе ў Беларусі выпусцілі 64 000 трактароў, то апошнія два гады іх вытворчасць скарацілася амаль на палову.

«Гэта сведчыць пра тое, што нягледзячы на гучныя заявы Лукашэнкі, зрабіць трактарабудаўніцтва флагманам беларускай эканомікі пакуль не ўдаецца», – упэўнены эканаміст Леў Марголін.

Пабудуюць новы трактарны завод?

У якасці выйсця з крытычнай сітуацыі ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі загаварылі пра неабходнасць стварэння новага трактарнага заводу. Ідэя выклікала хвалю крытыкі. Кіраўнік краіны патлумачыў, што, поспех можа быць толькі пры адной умове: – «калі не пабудуюць завод па абразцы трактарнага, то бок савецкага».

«Трэба нам, ці не трэба ўвязвацца ў стварэнне новых тыпаў трактароў? Калі так, то на якой базе іх развіваць. На базе школы трактарабудаўніцтва, якую ўжо маем, ці ствараць новую школу. Хаця на »Амкадоры« ёсць элементы падобнага досведу», – падкрэсліў Лукашэнка.

Грошы кітайскія, толькі браць не хочацца

Ці ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі Беларусь у стане стварыць новую школу трактарабудаўніцтва, а самае галоўнае – за якія грошы? Сёння Лукашэнка чарговы раз згадаў пра кітайскія крэдыты. Аднак выгада з іх, на думку эканамістаў, сумнеўная. Як вядома, Кітай гатовы вылучыць сродкі пры ўмове, што гэтыя грошы будуць выкарыстаныя на закуп кітайскага абсталявання, а да рэалізацыі праекту будуць прыцягвацца кітайскія рабочыя.

«Кітайскія крэдыты гэта стары боль беларускіх уладаў. Грошы ёсць, можна іх браць, але няма такіх праектаў, якія б пасавалі да іх», – мяркуе Леў Марголін.

Чарговае пытанне – канкурэнцыя

Як цвердзяць эканамісты, будучыня беларускага трактарабудаўніцтва можа быць толькі пры наяўнасці канкурэнтаздольнай прадукцыі ды вонкавых рынкаў збыту. Пакуль іх недастаткова.

Сёння Лукашэнка заявіў, што краіне непатрэбная нездаровая канкурэнцыя на ўнутраным рынку. Ці канкурэнцыя можа быць нездаровая і ці без яе можна стварыць прывабную прадукцыю? Адназначнага адказу ў беларускага кіраўніцтва пакуль няма.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Nikolai Petrov / BelTA / TASS / Forum