Лукашэнка ўбачыў «правільную» Рэчыцу. «Белсат» паказаў сапраўдную


Гэты год у нас вырашальны, шчыра кажучы, мы проста прыпёртыя да сценкі. А таму няма іншага выйсця, як забяспечыць сярэдні заробак на ўзроўні Br 1000.Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй паездкі на Гомельшчыну. Там да прыезду кіраўніка краіны рыхтаваліся аўральнымі тэмпамі, паказаўшы, як заўжды, усё найлепшае. Але чаго ж Лукашэнка не пабачыў?

Лукашэнку ў Рэчыцы павялі пракладзенымі сцежкамі

Паказалі саўгас «Выток» і «Рэчыцадрэў», што вырабляе мэблю і дошкі. У выступленні перад працаўнікамі прадпрыемства Лукашэнка вярнуўся да сваіх папярэдніх абяцанняў – а менавіта пра падвышэнне заробкаў да $ 500.

«Налета такую сітуацыю людзі ў краіне не пацерпяць, таму гэты год у нас вырашальны, таму, калі шчыра казаць, мы проста прыпёртыя да сцяны, няма чым будзе тлумачыць», – падкрэсліў кіраўнік краіны.

Аднак заробкаў «па пяцьсот» не прапаноўваюць нават на буйным «Рэчыцадрэве»

Чатыры гады таму прадпрыемства мадэрнізавалі, і цяпер яго пазіцыянуюць як узорнае. Вось толькі рэчыцкі сайт вакансіяў вяртае з нябёсаў на зямлю: у нібыта паспяховым «Рэчыцадрэве» найвышэйшы заробак складае Br 630 для тэхнолага, а звальшчыкаў лесу або трактарыстаў запрашаюць на працу з заробкам Br 460. І гэта лічыцца яшчэ неблагім варыянтам.

У Рэчыцы шмат хто не можа знайсці хоць якую працу

«Я магу сказаць, якая ў мяне да гэтага была зарплата – за люты Br 179 у рэчыцкай ПМС, а то і менш яшчэ.

«У нас не звальняюцца, таму што пасля нідзе не ўладкуешся. Няма працы зараз, куды пойдзеш? Нікуды».

– сведчаць мясцовыя жыхары.

Сітуацыя ў Рэчыцы тыповая для ўсёй краіны

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі расце трэці месяц запар, а сярэдні заробак складае крыху больш за $ 350. Лукашэнка ж настойвае, што $ 500 – неабходны мінімум, які, ён падкрэслівае, кожны мусіць зарабіць. На думку экспертаў, такі заробак для Беларусі ў прынцыпе рэальны – але з адною агаворкай.

«Магчыма Лукашэнка, думаючы або пра рэферэндум ставіць задачу каб выйсці на гэтую лічбу, але гэта не азначае, што людзі будуць атрымліваць больш грошай, грошы будуць раставаць да таго, як людзі змогуць імі карыстацца», – тлумачыць палітык Алесь Лагвінец.

Так ці інакш, мяркуюць эксперты, любое падвышэнне заробкаў зробяць за кошт людзей. Дзеля рэальнага росту заробку трэба, каб эканоміка была эфектыўная ды каб расла прадуктыўнасць працы, але ці будзе гэтая прадуктыўнасць расці – пытанне, хутчэй, рытарычнае.

Настасся Храловіч, «Белсат»