Лукашэнка ў Дзень нараджэння паехаў перабіраць бульбу


31 жніўня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка падчас візіту на аграпрадпрыемства ў Смалявіцкім раёне. Фота – president.gov.by

Аляксандру Лукашэнку споўнілася 65 гадоў, але нават у святочны ды суботні дзень ён дэманструе жаданне кіраваць і кантраляваць.

Падчас наведвання Смалявіцкага раёну ён падкрэсліў, што гэта звычайны, а не святочны дзень, і трэба працягваць палявыя працы.

«Мы ўлезлі ва ўборку збожжа і, груба кажучы, целяпаемся з гэтым збожжам, забываючы, што адразу пасля ўборкі збожжа трэба іржышча пралушчыць, пераараць, падрыхтаваць пад азімую сяўбу, пасеяць азімыя», – раздаваў загады кіраўнік дзяржавы.

Але ў гэты святочна-звычайны дзень без падарункаў Лукашэнка не застаўся: кіраўніцтва аграпрадпрыемства падарыла яму лімоннае дрэва і селекцыйныя гатункі бульбы. Пра іншыя падарункі на Дзень народзінаў прэс-служба не паведамляе.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 31 жніўня

Роўна месяц таму незвычайным прэзентам адзначыўся кіраўнік Узбекістану. Шаўкат Мірзіёеў падарыў Лукашэнку «хакеіста Лукашэнку» з каштоўных металаў.

«Прэзідэнт Узбекістана раскрыў стаўленне Лукашэнкі да падарункаў – сам Лукашэнка ў вобразе хакеіста №1, і каля сэрца Міколка яго», – смяецца кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Раней Лукашэнка распавядаў пра падораныя аўтамабіль «Майбах», швейцарскі гадзіннік за $17 000 ды цэлую рэзідэнцыю ў лесе.

«Дзень нараджэння яму ёсць дзе адсвяткаваць. У яго 18 рэзідэнцыяў, здаецца».

«Ён нібыта не адзначае дні народзінаў ніколі, і ўвогуле, калі ён нарадзіўся разам з Колем сваім – невядома», – каментуюць жыхары Менску.

Аляксандр Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954-га года, але 10 гадоў таму змяніў дату нараджэння на сённяшнюю, каб святкаваць разам з малодшым сынам. Праўда, Уладзімір Пуцін, у адрозненне ад іншых прэзідэнтаў, працягвае віншаваць Лукашэнку паводле ранейшых звестак.

«Зацята віншуючы Аляксандра Рыгоравіча з Днём нараджэння «паводле старога стылю», Уладзімір Пуцін дэманструе, што спецслужбы Расеі дакладна ведаюць, дзе і калі нарадзіўся Лукашэнка», – іранічна пракаментаваў учорашняе віншаванне ад Пуціна журналіст і публіцыст Анджэй Пачобут.

Лукашэнка любіць быць у цэнтры ўвагі, але губляе хватку, мяркуе Анатоль Лябедзька, які працаваў у лукашэнкаўскай выбарчай камандзе 25 гадоў таму.

«Мы бачым Лукашэнку як палітычнага пенсіянера. Бо ў палітычным сэнсе ён ужо не драйв. Ён ужо не хвалюе грамадства, як гэта было ў 1990-х, пачатку 2000-х», – мяркуе Лябедзька.

Большасць менчукоў, апытаных «Белсатам«, зычыць Лукашэнку на Дзень народзінаў – найхутчэйшага адпачынку:

«Здароўя, шчасця. Але ўжо трэба на пенсію ісці, адпачываць».

«На пенсію даўно пара».

«Калі ў чалавека ёсць сілы і магчымасці, то чаму не. Але пенсіянер пенсіянеру розны бывае».

«Я зычу яму выйсці на пенсію і радавацца жыццю. І пакінуць гэты народ у спакоі».

«Калі б ён быў пенсіянерам, было б добра. Больш часу мог бы аддаваць кавунам».

Каб пераканаць беларусаў, што Лукашэнка і ў 65 яшчэ можа з дзяўчатамі кавуны збіраць, кіраўніка дзяржавы за гэтым заняткам днямі паказалі ўсе дзяржаўныя медыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»