Лукашэнка ў Баранавічах: прадпрыемствам – больш зарабляць, чыноўнікам – утрымліваць цэны


Прадпрыемствы мусяць больш зарабляць, а чыноўнікі – утрымліваць цэны, каб не раслі, і заробкі, каб не падалі. Такія задачы ў фармаце ручнога кіравання эканомікаю паставіў падначаленым Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Баранавічы. Але як можна пайсці супраць законаў рынку – можа, зноўку ўключаць станок і надрукуюць грошай, як за Пятром Пракаповічам?

На прыціхлыя Баранавічы з нябёсаў спускаецца кіраўнік дзяржавы. У зале, поўнай мясцовага актыву, Лукашэнка даручыў чыноўнікам «трымаць на асаблівым кантролі» цэны, працоўныя месцы, заробкі ды пенсіі. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Аднак калі нехта думае, што мы будзем плаціць заробак тым, хто сёння абы-як працуе і зарабляе там 600–700 рублёў, як пішуць, а мы будзем даплачваць да 1100 рублёў, то вы павінныя разумець, за кошт каго. Мы што, павінныя адабраць грошы ў тых, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!»

Уладам ужо пяць гадоў не ўдаецца падняць сярэднія заробкі ў краіне да доўгаабяцаных 500 долараў. Ці не выкарыстаюць яны спраўджаны метад дзесяцігадовай даўніны – друкавальны станок?

Сярэднія заробкі ў студзені:

2016 – $ 315

2017 – $ 371

2018 – $ 433

2019 – $ 456

Старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб распавядае:

«Штучны рост заробкаў прыводзіць як да інфляцыі, гэтак і да дэвальвацыі. Мала таго, што гэта разумее ўрад і Нацыянальны банк, падаецца, што пару гадоў таму гэта ўдалося данесці і да кіраўніка дзяржавы. Гэта разумее нават ён, таму такія захады, па-мойму, малаверагодныя».

Грошай на папулізм у дзяржавы няма. Экспарт расце, але купляць расейскую нафту даводзіцца па вышэйшых коштах. У дадатак трэба аддаваць замежныя пазыкі – сёлета амаль 6 мільярдаў долараў. Лукашэнка загадаў чыноўнікам ажывіць эканоміку старым спосабам.

«…Вы праверыце ўсе суб’екты гаспадарання, усе прадпрыемствы і прыватнай формы ўласнасці, і дзяржаўнай […] на прадмет таго, што кожнае прадпрыемства мусіць мець свой план развіцця», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Вось толькі рабіць новыя тавары, адкрываць новыя вытворчасці ды выходзіць на новыя рынкі чынавенскі бізун не дапаможа, лічаць апытаныя намі менчукі:

«У нас не працуе закон. А з гэтага выцякае ўсё астатняе».

«Планавая эканоміка – гэта не тая эканоміка, якую мне хацелася б бачыць у нашай краіне. Гэтую гісторыю мы праходзілі. Ніякага добрага фіналу гэта не мела».

«Даць крыху больш свабоды прадпрымальнікам або пра дапамозе цэнаў неяк рэгуляваць эканоміку. Ёсць шмат механізмаў – не толькі ўказы».

«Законы законамі, але эканамічныя законы пакуль ніхто не адмяняў».

Указы і страх пакарання матывуюць не прадпрымальнікаў, а чыноўнікаў. Перад прыездам Лукашэнкі баранавіцкія камунальнікі два дні засыпалі выбоіны, малявалі дарожную разметку, дрэўцы каля Лядовага палацу чысцілі пыласосам, а руіны фермы на ўскрайку гораду замаскавалі не горш за вайсковы аб’ект.

«Каб эканоміка запрацавала, людзі пачалі атрымліваць грошы і ствараць прадпрыемствы, перш за ўсё трэба ім не перашкаджаць. Трэба стварыць выразныя правілы гульні, якія не будуць змяняцца ўвесь час. Патрэбна рэфармаваць нашыя суды, нашую падаткаваю сістэму. І не толькі самі законы, але і тое, як гэтыя законы ўжываюцца», – гаворыць Леў Львоўскі, даследчы цэнтр «BEROC».

Загады «зарабляць грошы» і дыверсіфікаваць эканоміку мы чуем ужо 10 гадоў. Вынікі пакуль марныя – зазначаюць эксперты. Эканоміцы патрэбны не дзяржаўны бізун, а прыватная ўласнасць ды ініцыятыва.

Аляксандр Папко, belsat.eu