Аб'ектыў 26.01.2018 Лукашэнка ў абыход Канстытуцыі абкрадзе беларусаў?


Год таму 17-га лютага тысячы грамадзянаў выйшлі на «Марш абураных беларусаў» у цэнтр Менску. Праз дзень пратэст супраць дэкрэту № 3 ахапіў Гомель і Магілёў. Менш як праз месяц кіраўнік Беларусі прыпыніў дзеянне пастановы.

Цяпер Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, які фактычна замяняе трэці. З той розніцай, што новы дэкрэт не прадугледжвае збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, які ўласна і справакаваў пратэсты.

Эксперты: Цешыцца рана

Згодна з ацэнкай праваабаронцы Алега Волчака, новы дэкрэт яшчэ больш жорсткі, чым ранейшы. Паводле дакументу, непрацаўладкаваныя афіцыйна грамадзяне Беларусі мусяць цалкам аплачваць паслугі, якія субсідуе дзяржава.

«Калі ў мінулым дэкрэце той, хто не працуе плаціў $ 200 і ўсё, то тут атрымліваецца так: калі чалавек не працуе, то ён мусіць плаціць 100 % за камуналку, за медыцыну, за школу», – даводзіць Алег.

У выніку сума можа аказацца большай, чым гэтак званы падатак на дармаедаў. Акрамя таго, дэкрэт № 1, як і ягоны папярэднік, парушае галоўны закон краіны.

«Парушаецца зноў шэраг артыкулаў Канстытуцыі, дзе дакладна запісана, што грамадзянін мае права на бясплатную медычную дапамогу, на бясплатную адукацыю ды іншыя паслугі з боку дзяржавы, незалежна ад таго, працуе ён ці не», – даводзіць спадар Волчак.;

За што дакладна будуць плаціць непрацаўладкаваныя?

Пакуль не вядома. Гэта мае вызначыць урад. Але адмыслоўцы ўжо кажуць, што рэалізаваць на практыцы новы дэкрэт будзе надзвычай складана.

«Напрыклад, у сям’і. Жонка працуе, мужык не працуе. Прыходзяць і кажуць «плаціце». Як яны будуць дзяліць, хто колькі гэтых жыллёва-камунальных паслугаў спажывае?», – не разумее логікі эканаміст Яраслаў Раманчук.

Пастанова можа спрацаваць зусім не так, як плануе ўрад

«Калі ў чалавека насамрэч няма абсалютна ніякіх грошай аплаціць платныя паслугі ў лякарні, тады што? Ён прыйдзе, ляжа на ганак і будзе паміраць. А калі не дай Бог памрэ?», – уяўляе верагодныя наступствы дэкрэту адзін з лідараў «дармаедскіх» пратэстаў Анатоль Лябедзька.

Паводле ўраду, асноўная мэта пастановы – стымуляваць працаздольных грамадзянаў, якія не працуюць, легальна працаўладкавацца. На меркаванне эканамістаў, улады зноў пайшлі памылковым шляхам.

«Трэба перш за ўсё стымуляваць людзей праз падаткі – яны высокія, праз уласнасць нерухомасці і зямлі, праз ліквідацыю барʼераў для вытворцаў», – упэўнены спадар Раманчук.

Эксперты ўжо назвалі новы дэкрэт апошнім цвіком у сацыяльную дзяржаву. Пастанова пачне дзеяць са студзеня наступнага года. Прынамсі, гэтак плануе ўрад. Бо як паказалі пратэсты супраць дэкрэту № 3, апошняе слова за грамадзянамі.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары