Лукашэнка страціў падтрымку большасці


Адзнака 100 тысяч подпісаў амаль дасягнутая. Наперадзе – мільён. Пра гэта заявіў адзін з удзельнікаў выбарчай кампаніі Віктар Бабарыка. Не змяншаюцца чэргі ля пікетаў іншых альтэрнатыўных адносна Лукашэнкі кандыдатаў. Ці страціў кіраўнік краіны прыхільнасць бальшыні беларусаў і чаго ад уладаў хочуць грамадзяне?

У Менску залева, аднак пункты збору подпісаў не пустуюць. Каб падтрымаць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, людзі падыходзяць кожную хвіліну.

«Калі ў Бабарыкі сёння была інфармацыя, што сабрана амаль 100 тысячаў і ў Ціханоўскай амаль 100 тысячаў сабралі, то ў Цапкалы сабралі больш за 60 тысячаў», – паведаміла сябра ініцыятыўнай групы Валера Цапкалы Ірына Мазуркевiч.

Шмат хто аддае свае галасы адразу за некалькіх апанентаў Лукашэнкі.

«Ужо 30 гадоў, 30 гадоў мы хочам чагосьці іншага! Гэта ўжо немагчыма! Тут ужо за мураша паставіш подпіс!»

Жыць я хачу ў свабоднай краіне, дзе можна выказвацца свабодна, а не баяцца, што да цябе прыйдуць і «запакуюць». Вось я вам зараз распавядаю, а там за мной ужо назіраюць. Пазней пад’едуць, «заломяць»!

«Нічога не змяняецца, не развіваецца, становіцца ўсё горш. Доўг расце. Больніцы не будуюцца, садкі не будуюцца. Жыллё – толькі камерцыйнае».

«Хацелася б, каб дзеці раслі ў больш свабодным грамадстве, каб яны больш бачылі, каб яны больш ездзілі», – дзеляцца сваім бачаннем Беларусі прыхільнікі Віктара Бабарыкі.

За Бабарыку аддаюць галасы нават тыя, хто раней падтрымліваў Лукашэнку, і тыя, хто ніколі не хадзіў на выбары, адзначаюць сябры ініцыятыўнай групы бізнесоўца.

«Калі б усе гэтыя чэргі, якія тут за сталом сабраліся, сталі, то вакол Менску кальцавая дарога была б закрытая пяць або шэсць разоў. Хай гэта ўбачаць тыя, хто пры ўладзе!» – усклікае сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Руслан Леўскi.

Не менш паказальныя для ўладаў чэргі, якія ўжо другі тыдзень збірае Святлана Ціханоўская – жонка блогера Сяргея Ціханоўскага, якога тры дні таму ў Горадні жорстка затрымалі сілавікі.

«Улада стварыла такую сітуацыю, што любы чалавек, які становіцца прадстаўніком улады, становіцца ворагам народу. Я не хачу, каб гэта было ў маёй краіне».

«Пры ўладзе чалавек, які не паважае свайго народу. Тыкае, кажа «народзец». Гэта не чалавек, які павінен быць пры ўладзе. Яго трэба мяняць», – абураюцца прыхільнікі Святланы Ціханоўскай.

Затрыманне Сяргея Ціханоўскага ягоных паплечнікаў не спалохала.

«Усё, што адбываецца сёння і ўжо доўгі час у гэтай краіне, – гэта наўпроставая правакацыя. Гэта ціск на ўвесь народ, не толькі на ініцыятыўную групу аднаго з кандыдатаў», – кажа сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Міхадзюк.

Аляксандр Лукашэнка тым часам заявіў, што чакае ад старшыні Менскага гарвыканкаму і сілавікоў навядзення поўнага парадку ў Менску.

«Мы бачым, што ўлады ўзялі курс на сілавы сцэнар правядзення выбараў. Уласна кажучы, тут нічога новага, гэта традыцыйная схема. Цікава тое, што такі курс улады ўзялі на самым пачатку выбарчай кампаніі», – зазначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Пагражаць сілай Аляксандр Лукашэнка пачаў, бо ад яго адварочваюцца нават некалі адданыя выбарнікі, кажа палітолаг.

«Ініцыятыўных групаў Аляксандра Лукашэнкі на вуліцах наагул няма. Яны баяцца нават выходзіць на вуліцу. Канечне, у нас няма сацыялагічных даследаванняў, якія маглі б дакладна фіксаваць рэйтынг розных кандыдатаў, але, гледзячы па ўсім, Лукашэнка сапраўды страціў большасць», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Апаненты ўлады настаўленыя на мірны пратэст – падкрэсліў палітолаг. Пакуль яны пратэстуюць не на плошчах, а ў чэргах да альтэрнатыўных кандыдатаў.

Аляксандр Папко, «Белсат»