Лукашэнка сабраўся ўтаймаваць Беларусь


У Палацы незалежнасці сабраліся ледзь ня ўсе галоўныя сілавікі краіны, віцэ-прэм’еры, кіраўнікі вобласцяў і міністр аховы здароўя. Праз два месяцы пасля пачатку масавых пратэстаў Лукашэнка пачаў казаць, як намераны «утаймаваць» сітуацыю ў краіне. Апрача гэтага зрабіў шэраг сенсацыйных заяваў пар Святлану Ціханоўскую. Падрабязней, Аляксандр Папко.

Аляксандр Лукашэнка распавёў, якім чынам спыніць народныя хваляванні. З работнікамі папрацуюць актывісты дзяржаўных прафсаюзаў, цэны будуць пад кантролем. Бунты студэнтаў перамогуць заменаю рэктараў ВНУ.

«Найважнейшы пытанне, якое цяпер стаіць, – надзейнасць. Мы ўжо занадта вольна адчувалі сябе пры падборы ды прызначэнні кадраў, а яны потым пераабуліся некаторыя. І пераабуліся тыя, каго я выгадаваў на сваіх руках», – скардзіўся Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржаўным СМІ Лукашэнка загадаў стаць менш «памяркоўнымі» і ваяваць за розумы тых, хто прагне стабільнасці.

«Як бы ні змяняліся дзяржаўныя СМІ, якія б захады там ні прымалі, іх уплыў на маладое пакаленне блізкі да нуля», – каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

«І ў такой сітуацыі праводзіць рэпрэсіі? Гэта значыць выкінуць частку кваліфікаваных кадраў, а таксама зменшыць матывацыю тых, хто яшчэ застаецца працаваць. З’явіцца страх і няўпэўненасць. Гэта толькі прывядзе да большай дэзарганізацыі ўсяго дзяржаўнага сектару», – прагназуе дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Улады не вернуць грамадства да папярэдняга стану – перакананы палітолаг Сяргей Нікалюк. За два месяцы людзі сталі палітычна актыўнымі, а галоўнае – навучыліся супрацоўнічаць.

«Здольнасць людзей да супрацы, што звязанае з даверам адно да аднаго, была ў нас адною з самых нізкіх у Еўропе. І сёння мы назіраем не толькі акцыі пратэсту, а розныя лакальныя акцыі на ўзроўні двара, гэта адзін з галоўных вынікаў цяперашняга часу. І гэтыя вынікі застануцца з намі ўжо назаўсёды», – канстатуе Сяргей Нікалюк.

З іншага боку, прыхільнікі дэмакратычных пераменаў не стварылі цэнтру сілы, які б мог ціснуць на ўлады. Святлана Ціханоўская намагаецца заручыцца падтрыманнем лідараў Еўропы. Улады прымусілі яе зʼехаць за мяжу ды абвесцілі ў крымінальны вышук, аднак Аляксандр Лукашэнка распавёў сёння сваю – «арыгінальную» – версію падзеяў.

«Мы пад аховаю, на ейнае жаданне, з людзьмі, з якімі яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезлі яе ў Літву, да дзяцей! І калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там пражыць, я распарадзіўся, і з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч долараў ды ёй аддалі. «Дзякую вам!» – на шыю, плакала», – распавядаў кіраўнік Беларусі.

Ціханоўскую, якую шэраг еўрапейскіх краінаў прызнае абранаю лідаркаю беларускага народу, зноў запрапанавала даць Лукашэнку імунітэт, калі той адмовіцца ад улады. Ці недатыкальнасць падштурхне Лукашэнку сысці?

«Не, не дапаможа. Чалавек проста сеў і сядзіць! Яму ўсё роўна, што яму абяцаюць».

«Асабістых гарантыяў ніякіх не будзе. Гэта ўсё заявы людзей, якія яго ненавідзяць!»

«Ён не зможа здаць уладу, калі толькі нагамі наперад!»

«Ён проста некуды зваліць, дзе будзе сядзець ціха і мірна. Кольку ж сказалі, што ён будзе вучыцца ў іншай краіне!»

«Працэс запушчаны, і ён ужо незваротны. Трэба рухацца толькі наперад!» – кажуць жыхары Менску.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даўно абяцаныя змены ў Канстытуцыю зацвердзіць скліканы ім Усебеларускі народны сход. Тэлеграм-каналы тым часам ужо заклікалі на дзявятую з ліку нядзельную акцыю пратэсту – Марш годнасці.

Аляксандр Папко Belsat.eu