Лукашэнка робіць сабе «чорны піяр»


Працоўны тыдзень скончыўся, а Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не апублікаваў адказаў на пытанні «хто забіў Рамана Бандарэнку», хоць і абяцаў гэта зрабіць 8 дзён таму. Замест гэтага Лукашэнка зноўку заявіў, што ў блоку NATO плануюць стварыць спецыяльныя сілы для барацьбы з ім. І гэта не адзіны ягоны промах у медыйнай сферы.

Топ-навіна дзяржаўнага агенцтва «БелТА»: хакейная каманда Аляксандра Лукашэнкі перамагла аматарскую каманду з Горадні ў спаборніцтвах на прызы Лукашэнкі. У матчы вызначыўся ягоны сын Мікалай Лукашэнка.

Яшчэ ўчора гэтымі рукамі без пальчатак Лукашэнка абдымаў пацыентаў 6-га гарадскога клінічнага шпіталю, хворых на каронавірус.

Лукашэнка хадзіў у чырвоную зону без абарончага экрану, вітаўся з лекарамі за руку, гладзіў хворых рукамі без пальчатак, а потым наведаў цэнтр пералівання крыві і сабраў медычны калектыў у аўдыторыю.

Вось што кажуць пра гэта жыхары і госці Менску:

«Для яго не існуе Ковіда. Яму можна».

«Калі гэта пастановачныя людзі, можна зусім без нічога заходзіць».

«Гэта толькі для камеры праца. Усё зроблена штучна».

З 12-ці апытаных «Белсатам» менчукоў дзеянняў Лукашэнкі ў шпіталі не ўхваліў ніхто. Але Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі, які вядзе Наталля Эйсмант, на крытыку грамадзянаў у інтэрнэце адрэагаваў больш чым неэстэтычна.

«Не, ну сидеть ж@пой на диване и глумиться над Лукашенко всё ж проще, чем оторвать задницу и думать головой», – такі запіс з’явіўся ў Тэлеграм-канале «Пул первого», які вядзе Наталля Эйсмант.

Прэс-служба Лукашэнкі падкрэслівае, што ён мог так рабіць, бо раней перахварэў на каронавірус.

Галоўная памылка Лукашэнкі ў тым, што ён не наведваў шпіталі ў першую хвалю каронавіруса, мяркуе медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Увесну мы чулі, што каронавірус – гэта перабольшаная праблема і псіхоз, а цяпер мы бачым, што гэта ўспрымаецца больш як праблема, аднак візіт у больніцу быў скарыстаны як палітычная трыбуна, каб спрачацца з апанентамі».

Сапраўды, Лукашэнка заявіў медыкам, што мае доказы ад спецслужбаў на карысць таго, як дзяржавы Захаду разам з Украінаю выкарыстоўваюць ягоных праціўнікаў, каб падрыхтаваць у Беларусі дзяржаўны пераварот. І назваў сваю суперніцу на выбарах Святлану Ціханоўскую – цытата – «лахушкай».

Таксама Лукашэнка заявіў медыкам, што іхны калега анестэзіёлаг Арцём Сарокін сядзіць у следчым ізалятары, бо нібыта сфальсіфікаваў дакументы пра смерць Рамана Бандарэнкі. Гэты жыхар Менску загінуў пасля збіцця і выкрадання яго ў аддзел міліцыі людзьмі ў масках, сярод якіх потым апазналі трэнера баявых адзінаборстваў спецназаўцаў, былога чэмпіёна ў тайскім боксе Дзмітрыя Шакуту і старшыню федэрацыі хакею Дзмітрыя Баскава. Больш за тыдзень таму Лукашэнка абяцаў адказаць на зліў тэлефонных размоваў між Баскавым і Шакутам на тэму смерці Бандарэнкі ды размоваў Баскава з прэс-сакратаркаю Лукашэнкі Наталляю Эйсмант. Баскаў і Эйсмант арганізоўвалі зрыванне пратэставае сімволікі ў дварах, падчас якога загінуў Раман Бандарэнка.

Сённяшнія заявы Лукашэнкі ніяк не пераключаюць грамадскае ўвагу ад справы смерці Рамана Бандарэнкі, мяркуе Паўлюк Быкоўскі:

«Цяпер людзі, якія крытыкуюць улады, актыўна выказваюцца, хоць ім за гэта штосьці можа быць, а з іншага боку – не вельмі модна падтрымліваць улады, і гэта робяць адзінкі».

Эксперт назірае, што цяпер грамадства ўспрымае стыль праціўнікаў Лукашэнкі як стыль большасці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

 

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!