Аб'ектыў 15.01.2019 Лукашэнка раздаў новыя пасады


Дзень прызначэнняў: міністры, амбасадары, кіраўнікі раёнаў, чальцы аблвыканкаму ды намеснікі кіраўніка сталіцы. Аляксандр Лукашэнка раздаў новыя пасады адразу дваццаці асобам. Што чакаць ад маладых прызначэнцаў? Адказ ведае Аляксандр Папко.

«Палепшыць жыццё нашых людзей. Гэта найважнейшая задача для ўсіх».

Берасце – «дашліфаваць», Менск перад Еўрапейскімі гульнямі зрабіць «утульным», а Гомельшчыну – падцягнуць паводле ўзроўню заробкаў да рэшты краіны. Акрамя гэтага – абараніць нацыянальны суверэнітэт. Такія заданні даў Аляксандр Лукашэнка дванаццаці новым мясцовым кіраўнікам:

«І 2019, і 2020 гады будуць няпростымі гадамі, насычанымі палітычнымі падзеямі, калі і злева, і справа, і на Захадзе, і на Усходзе нас падвергнуць сур’ёзнай рэвізіі на прадмет суверэнітэту і незалежнасці».

Патрыятычныя прамовы перад мясцовай вертыкаллю Лукашэнка робіць не выпадкова.

«Гэта хутчэй рэакцыя на тое, што мы цяпер бачым у расейскіх медыях, беларускіх дзяржаўных і незалежных СМІ. Гэта так званая шырокая дыскусія ў пытанні беларускага суверэнітэту і аналітыка ў пытанні ўзаемаадносінаў Беларусі і Расеі», – каментуе Андрэй Казакевіч, Інстытут «Палітычная сфера».

З тузіну новапрызначаных мясцовых начальнікаў пецярых Лукашэнка перавёў з аднаго раёну ў іншы. Сярод іх – трое кіраўнікоў райвыканкамаў. Мясцовую вертыкаль Лукашэнка перасоўвае ўвесь час.

«Практычна ўсе гэтыя пераводы або прызначэнні адбываліся ў межах адной вобласці. Гэта, зноў-такі, звыклая практыка. Пераводы паміж вобласцямі сустракаюцца адносна рэдка. Выключэннем можа быць толькі Гарадзенская вобласць», – гаворыць Андрэй Казакевіч, Інстытут «Палітычная сфера».

Менск – гэта траціна эканомікі Беларусі. Рабіць яе больш эфектыўнаю Лукашэнка прызначыў дваіх намеснікаў кіраўніка гарвыканкаму. За сацыяльную сферу будзе адказваць саракагадовы Арцём Цуран, а за жыллёва-камунальную гаспадарку – саракааднагадовы Аляксандр Дараховіч.

«Хацелася б сапраўды, каб навялі парадак. І перш за ўсё ў ЖКГ і будаўнічай сферы, паколькі галоўная праблема ў Менску ўпіраецца ў Камітэт архітэктуры і ў Менскграда», – распавядае менскі грамадскі актывіст Ігар Барташэвіч.

«Ускладаць на гэтых двух чалавек адказнасць за ўсю сістэму было б безнадзейна. Яна залежыць не ад гэтых канкрэтных людзей», – дадае Зміцер Гаўрусік, альманах «Гарадскія тактыкі».

Аднак твар гэтай сістэмы істотна маладзее. Больш за траціну кіраўнікоў міністэрстваў – людзі, не старэйшыя за 45 гадоў. Прадстаўнік пакалення, якое падчас прыходу да ўлады Лукашэнкі вучылася ў школе ці ўніверсітэце, і новапрызначаны міністр транспарту Аляксей Аўраменка. А пяцёра чальцоў ураду нават не абіралі Лукашэнкі, бо падчас адзіных дэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў не былі поўнагадовымі.

«Пры жаданні, наяўнасці палітычнай волі ў прэзідэнта ці найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва гэтыя змены ці рэформы будзе праводзіць значна прасцей», – кажа Андрэй Казакевіч.

«Нас ніхто не ссуне з месца, калі мы будзем эфектыўнымі», – заявіў новапрызначаным чыноўнікам Лукашэнка. Аднак каб дабіцца гэтай эфектыўнасці, патрэбныя перамены ў эканоміцы ды палітыцы. А іх Лукашэнка праводзіць не хоча, як бы гэтага ні жадалі маладыя чыноўнікі.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары