Лукашэнка разабраўся з праблемай трускавак


Пра пратэст вяскоўцаў, якія выкідвалі трускаўкі, замест таго, каб прадаваць іх за капейкі дзяржаве, «Белсат» распавядаў на мінулым тыдні. Разабрацца з трускаўкай пастанавіў Аляксандр Лукашэнка: даручыў скупіць у насельніцтва лішкі ягадаў. Ці вырашылася на гэтым праблема?

«Па 20 капеек. Ці гэта рэальна? Што можна купіць, здаўшы па 20 капеек?»

Аляксандр Лукашэнка таксама абурыўся станам рэалізацыі трускавак і, як паведамляе БелТА, загадаў Міністэрству гандлю і Белкаапсаюзу разабрацца. Апошнія паабяцалі ўсе ягады скупіць.

Валерый Іваноў, старшыня Белкаапсаюзу:

«Кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі дакладнае заданне – закупіць у насельніцтва ўсе лішкі трускавак, і мы гэта выканаем».

Паводле старшыні Белкаапсаюзу, за кілаграм трускавак у залежнасці ад стану ягадаў перакупнікі заплацяць ад 30 капеек да 1 рубля 20 капеек. Вытворцы ж сцвярджаюць: каб вырошчванне акупілася, рубель маюць каштаваць не найлепшыя, а сярэднія ягады. Таму людзі стараюцца самыя прывезці свой ураджай на рынак.

«Лепш я буду 300 км ехаць, але буду ведаць, што мая праца акупіцца, мая сям’я будзе мець штосьці для жыцця», – гаворыць спадар Генадзь, Драгічынскі раён.

Кілаграм трускавак з Берасцейшчыны прадаюць на менскай Камароўцы за паўтара – два з паловаю рублі. Толькі так можна акупіць вырошчванне ягадаў.

«Мы садзім, полем, выбіраем, мы з чацвертай раніцы становімся і выбіраем, і да вечара, уяўляеце, якая гэта праца? Едзем ноч. І я аддам гэта перакупу? Каб ён зарабіў, а я буду ні з чым?» – абураецца Наталля Кананчук, в. Ляскавічы Іванаўскага раёну.

Праблеме рэалізацыі трускавак у ягадным рэгіёне не адзін год. Вось кадры з нашага архіву, знятыя на Лунінеччыне ў 2010-м:

«А ў перакупшчыкаў цана нікчэмная, увогуле вельмі танныя ў гэтым годзе трускаўкі».

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што так адбываецца, бо ўлады проста не звяртаюць увагі на праблемы вяскоўцаў. Відаць, тады афіцыйны лідар нашага сюжэту не пабачыў:

«Яны павінныя кожны гэты выпадак разглядаць як нагоду для заканадаўчай ініцыятывы, для развіцця кааператываў, для развіцця перапрацоўчай вытворчасці, для рэгулявання закупаў, яны павінныя гэтым займацца, яны павінныя спрыяць!»

Пакуль жа вытворцы змагаюцца самастойна. Напрыклад, стварылі чат у «Вайбэры», які налічвае ўжо амаль тры тысячы ўдзельнікаў. Тут можна і даведацца пра актуальныя кошты ў перакупнікаў, і дамовіцца аб продажы ці набыцці ягадаў. Бо ўжо і чарэшні паспяваюць.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Аб’ектыў
Вяскоўцы на знак пратэсту выкідаюць трускаўкі
2019.06.13 21:24