Лукашэнка прызнаўся ў тым, што раздае чыноўнікам зямлю пад катэджы


Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб дадатковых захадах па барацьбе з карупцыяй», паводле якога пакаранне за карупцыйныя злачынствы будзе яшчэ больш жорсткае. Ці дапамогуць суровыя законы перамагчы карупцыю і ці ўвогуле паводле закону атрымліваюць пакаранне карупцыянеры?

Глядзіце рэпартаж Аляксандра Папко ў поўным выданні навінаў за 11 траўня:

Новы дэкрэт не прадугледжвае ані датэрміновага вызвалення, ані змены пакарання на больш лёгкае для асуджаных за карупцыйныя злачынствы.

«Я мяркую і заўсёды меркаваў, што адзіным метадам барацьбы з карупцыяй можа быць гарантаванне немінучасці пакарання за карупцыйнае злачынства або выключэнне ўмоваў для карупцыі», – кажа «Белсату» юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Калі на Захадзе карупцыю скарачаюць праз змяншэнне ролі чыноўнікаў у эканоміцы і адкрытасць дзяржаўнага апарату, то ў Беларусі ўзмацняюць пакаранне. Пазбаўляюцца права на амністыю асуджаныя паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Аднак з 2015 года суда карупцыянер можа пазбегчы – калі скампенсуе нанесеную шкоду.

«Тых чыноўнікаў, якія бяруць хабар, адпускаюць. Прычым яны кампенсуюць не толькі нанесеную шкоду, але і перапісваюць сваю маёмасць на пэўных асобаў», – кажа былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.

Дзякуючы такой кампенсацыі абышоўся без суда экс-кіраўнік Ленінскага раёну сталіцы Валерый Кулеш. І нават калі чыноўнік ужо трапіў за краты, яго можа памілаваць Лукашэнка.

«Для ўмоўна-датэрміновага вызвалення неабходна даказаць сваё выпраўленне, памкненні да законапаслухмяных паводзінаў і гэтак далей. Для памілавання ўсяго гэтага, у прынцыпе, не трэба. Для памілавання патрэбны толькі ўказ прэзідэнта», – працягвае Павел Сапелка.

Гэтак сталася і з экс-кіраўніком Салігорскага раёну Аляксандрам Рымашэўскім. А былы начальнік берасцейскага будтрэсту нумар 8 некалі легальна адкупіўся ад калоніі. Праўда, летась ізноў трапіў у СІЗА па падазрэнні ў карупцыі.

11 траўня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка з чыноўнікамі падчас наведвання Студэнцкага гарадку ў Менску. Фота – president.gov.by

11 траўня наватарскім антыкарупцыйным падыходам падзяліўся сёння Лукашэнка. Маўляў, ён раздае зямлю ў элітным пасёлку Дразды.

«Я кавалак зямлі даю чыноўнікам – пабудаваць дом або кватэру, каб ён не краў гэтыя мільярды, і яны засталіся ў дзяржавы. І калі ты парушаеш гэты парадак, адказвай на ўсю катушку», – заявіў кіраўнік Беларусі падчас наведвання Студэнцкага гарадка.

Легальнасць раздачы элітных надзелаў – вельмі сумнеўная, кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

«Гэта прама сведчыць пра карупцыю ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады. […] Які нарматыўна-прававы акт ці закон нашай краіны дае права раздаваць землі, маёнткі, катэджы ў сувязі з тым, што той ці іншы службовец займае высокую пасаду?», – кажа «Белсату» праваабаронца Леанід Судаленка.

Генпракуратура заявіла, што летась следчыя выкрылі карупцыйных злачынстваў на траціну больш, чым у 2017-м. Пакараныя больш за тысячу чалавек. Антыкарупцыйнае заканадаўства Беларусі жорсткае, аднак, як паказвае практыка, стасуюць яго напоўніцу не да ўсіх.

Аляксандр Папко, «Белсат»