Лукашэнка прызнаўся, што будзе адстрэльвацца разам з Пуціным


«У нас з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным – бліскучыя адносіны. Бліскучыя! Падбярэм час і сустрэнемся – калі ёсць нейкія праблемы, мы іх вырашым!», – запэўніваў прысутных кіраўнік Беларусі.

Выказванне Лукашэнкі пра расейскага калегу прагучала ўпершыню з таго часу, як Пуцін, насуперак завядзёнцы, не сустрэўся з кіраўніком Беларусі падчас ягонага штогадовага гарналыжнага адпачынку ў расейскім Сочы. Прайшоў месяц. Праблемы не развязаліся. І сёння з вуснаў Лукашэнкі прагучаў выраз, які афіцыйныя беларускія агенцтвы пазней з відэатрансляцыі выразалі.

«Я яму неяк публічна сказаў – можа быць, яшчэ будзе час, калі давядзецца спіной да спіны стаць і адстрэльвацца, ну, як вайсковыя людзі кажуць», – заявіў Лукашэнка.

Аглядальнікі звязваюць гэтыя словы з масавымі акцыямі

Пратэсты прайшлі гэтымі выходнымі як у Беларусі, гэтак і ў Расеі.

Лукашэнка можа гэткім чынам палохаць свайго расейскага калегу тым, што масавыя пратэсты, спрычыненыя ў Беларусі цяжкай эканамічнаю сітуацыяй, перакідваюцца і на Расею. Што праўда, самыя расейскія пратэстоўцы, з якімі нашая здымкавая група паразмаўляла ў Маскве, адзначылі, што вынікі Дня Волі ў Менску калі і ўплывалі на іхную пастанову выйсці на вуліцу на наступны дзень у Маскве, то далёка не натхняльным чынам.

У Беларусі незадаволеных нашмат больш

Суботняя акцыя пратэсту ў Менску і нядзельная ў Маскве былі параўнальныя ў колькасці – прыблізна 10 тысячаў чалавек на ацэнку журналістаў. Але ж у Маскве жыхароў больш, чымся ўва ўсёй Беларусі. Таму для расейскага кіраўніцтва гэты адзіночны выступ значна менш пагрозлівы, чымся каскад мітынгаў, які шырыцца па Беларусі ўжо паўтара месяца.

«У Беларусі грамадства пачала пратэставаць супраць зніжэння ўзроўню жыцця. Таму для Беларусі важна цяпер, сапраўды, дасягнуць нейкага эканамічнага пагаднення з Расеяй», – мяркуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Беларусь вінная Расеі $ 600 млн.

Менавіта столькі засталося недаплачаных грошай за пастаўкі газу. Расея ў адказ усё мацней заціскае нафтавы кран. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, у студзені сёлета імпарт расейскай нафты ў Беларусь скараціўся на траціну, а экспарт нафтапрадуктаў – удвая.

Адзінае выйсці – ставіць расейскую вайсковую базу ў сінявокай?

Нашыя крыніцы ў Палаце прадстаўнікоў паведамілі, што ўзамен на новую газавую датацыю ды аднаўленне паставак нафты Расея патрабуе размесціць у Беларусі сваю вайсковую базу або прадаць кантрольныя пакеты шэрагу найбольш рэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў.

Альтэрнатываю стратэгічным саступкам Маскве для Лукашэнкі мог бы зрабіцца крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду. Але перамовы зацягваюцца. Залагодзіць незадаволеных беларусаў уладзе проста няма чым. Грошай няма, і перспектывы іх атрымання нявызначаныя.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: RIA Novosti / Reuters / Forum