Аб'ектыў 04.08.2018 Лукашэнка прымушае беларусак нараджаць


Бацька… сваіх дзяцей ды ўсіх беларусаў. Чым больш дзяцей, тым большая бацькава моц. Сваіх у кіраўніка краіны – трое, нараджаць столькі ж ды нават болей Лукашэнка заахвочвае беларусак.

Заахвочвае і словамі, і рублём. Пералічыць ільготы для шматдзетных сем’яў не хопіць пальцаў адной рукі.

  • жыллёвыя;
  • ільготы на адукацыю;
  • і падатковыя ільготы;
  • на камуналку;
  • бясплатнае дзіцячае харчаванне;
  • і бясплатная ежа ў школе;
  • а таксама дапамога ў падрыхтоўцы да школы;
  • немалыя зніжкі ў некаторых крамах і на білеты на забавы;
  • абяцаюць немалое фінансавае падтрыманне ў выглядзе «сямейнага капіталу».

А пры нараджэнні пятага дзіцяці можна атрымаць ордэн маці і прэмію, а да таго ж штомесяц – выплаты на дзяцей.

Толькі ільготы не кампенсуюць выдаткаў. Да таго ж часцяком, каб атрымаць ільготы, трэба іх выбіць. Гэтак пры атрыманні жытла ёсць столькі і такіх умоваў, што шмат у каго дзеці хутчэй вырастаюць, чым дзяржава вылучае запаветныя метры. Вольга Чайчыц – журналістка, якая зрабіла дзясяткі рэпартажаў пра беларускія сем’і, ведае таксама і на ўласным прыкладзе, як дзяржаўнае падтрыманне выглядае насамрэч, і колькі бясплатная медыцына і адукацыя каштуюць бацькам.

«Мы зараз у садочак Веру аддаем, там таксама ўсё трэба набываць самім – цацкі, вырабы, ваду, сурвэткі, на гэта ўсё патрэбныя выдаткі, усё сваё: кніжкі мы таксама прыносім у садочак – нічога ў іх няма», – распавядае журналістка Вольга Чайчыц.

І гэта таксама прычына, чаму нараджальнасць не расце.

«Тэндэнцыя такая, што сярэдняя колькасць дзяцей на адную жанчыну няўмольна падае. І гаворка не вядзецца пра трэцяе і чацвёртае дзіця, бо сярэдні паказнік значна ніжэйшы – 1,5», – кажа дырэктарка Школы маладых менеджараў і публічнага адміністравання Наталля Рабава.

Не радуюць і паказнікі ўсяго насельніцтва нашае краіны. Гэтак, за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі колькасць беларусаў істотна скарацілася.

Насельніцтва Беларусі (тыс. чалавек):
1996 – 10 177
2006 – 9 630
2008 – 9 542
2016 – 9 498
2018 – 9 492

Нараджальнасць не змяніла статыстыкі ў лепшы бок у часы эканамічнай стабільнасці, наўрад ці зменіць у цяперашнія крызісныя часы.

Вольга Старасціна, «Белсат». Фота: president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары