Лукашэнка прыбраў месца, якое збудаваў ягоны дзед


Прычынаў для росту цэнаў у Беларусі няма, аднак інфляцыя ўсё яшчэ ёсць, заявіў кіраўнік краіны падчас рэспубліканскага суботніка. Сёння Лукашэнка разам з сынамі ўпарадкоўваў ваколіцы сваёй малой радзімы – вёскі Александрыя. Апрача эканомікі, кіраўнік Беларусі ўзгадаў пра нядаўні візіт у Малдову ды зноў выступіў у ролі дыетолага.

Бясплатная добраахвотна-прымусовая праца на карысць грамадства ў вольны час бярэ свой пачатак з часоў Леніна. Суботнікі заўсёды прымяркоўвалі да дня нараджэння правадыра. Але ўжо даўно няма ані той краіны, ані тых ідэяў, таму справа суботнікаў жыве толькі ў некалькіх дзяржавах – у Арменіі, Туркменістане, Узбекістане ды Беларусі.

Тры мільёны беларусаў на суботніку і каля 7,5 млн «заробленых» рублёў, якія пойдуць нібыта ў мясцовыя бюджэты ды на важныя сацыяльныя праекты. Карысная справа, кажуць чыноўнікі.

Перажыткі савецкага часу, якія страцілі актуальнасць, упэўнены старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

«Усё гэта незаконна, – кажа Фядыніч. – Гэта грашовая ідэалогія, вось так можна назваць гэта, толькі так. Бо калі б гэта была ідэалогія, то чалавек бы сумленна пайшоў бы і паўдзельнічаў, як хто ходзіць у касцёл ці царкву – туды не трэба яго зганяць».

Не трэба было зганяць і актывістаў ва ўрочышча «Курапаты», добраўпарадкаваннем якога заўжды займаліся незалежныя валанцёры. Сёння ж ініцыятыву перахапілі актывісты праўладавай «Белай Русі».

«Гэта маральнае пытанне, – кажа ўдзельніца аб’яднання Людміла Мацюшкова. – Гэта перадусім дзеля таго, каб падумалі, што нельга забываць пра нашых продкаў».

Гэтак, яшчэ год таму Лукашэнка, як калісьці той самы Ленін, цягаў бервяно і заліваў бетон, але ўжо сёлета кіраўнік краіны ў суправаджэнні сваіх сыноў і журналістаў вырашыў добраўпарадкаваць гэтак званую «Трафімаву крыніцу» на Шклоўшчыне.

Паводле сямейнай легенды Лукашэнкаў, «Трафімаву крыніцу» стварыў дзед гаранта канстытуцыі. Фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі

«Тут кожны, кожны метр, можна сказаць, стоптаны маймі дзіцячымі нагамі. Таму для мяне тут усё дагэтуль незвычайнае і ў той жа час прывычнае», – сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на суботніку побач з аграгарадком Аляксандрыя ў Магілёўскай вобласці. Фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі
Мікалай, Аляксандр, Віктар і Дзмітрый Лукашэнка пасля суботніка ў «Трафімавай крыніцы». 21 красавіка 2018 года. Фота – прэсавая служба кіраўніка Беларусі

Зусім іншая ж справа – талака. Старадаўняя форма народнае ўзаемадапамогі бярэ свой пачатак задоўга да камуністычных ідэяў. Сябры кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ не залежныя ад загадаў ды гатовыя да працы, не залежна абвешчаны суботнік ці не.

«З сённяшняга дня пойдуць масавыя талокі ў Курапатах. Гэта значыць, што неўзабаве будуць ставіцца крыжы, дачышчацца магілы і гэтак далей», – кажа адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

Галоўнае – ідэя і шчырасць, а не загад і прымус. Магчыма, гэтага і не стае беларускім чыноўнікам, вынікі працы якіх мы бачым хіба толькі падчас суботнікаў?

Сцяпан Святлоў