Лукашэнка пра Расею: «Ім Украіны не хапае?»


Лукашэнка заяўляе, што з Пуціным яго свараць расейскія алігархі.

«Расейцы са знакам якасці» або самастойная нацыя, якая, цытата, «жадае жыць ва ўласнай кватэры»? На сустрэчы да стагоддзя беларускай дыпламатычнай службы Лукашэнка падаў сваё бачанне стасункаў з Крамлём. Чаго асцерагаецца кіраўнік Беларусі ды як будзе змяняць замежную палітыку?

Аляксандр Лукашэнка абурыўся з паведамлення расейскіх федэральных каналаў пра тое, што ў Беларусі нібыта пераследуюць расейцаў:

«Няўжо камусьці ў Расеі Украіны не хапае? Няўжо трэба абавязкова стварыць праблему на роўным месцы?».

Пятнічная размова з дыпламатамі сведчыць, што Лукашэнка ўсур’ёз асцерагаецца варожых дзеянняў з боку Масквы – пакуль што ў эканамічнай сферы, адзначае палітолаг.

«Ён сапраўды найперш баіцца скарачэння нафтавага гранту. Гледзячы з усяго, ён змірыўся з тым, што кампенсацыі за падатковы манеўр не будзе», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Каля $ 10 млрд страціць беларуская эканоміка за бліжэйшыя пяць гадоў праз павышэнне цэнаў расейскай нафты. На фоне скарачэння субсідыяў расейскія медыі абвінавачваюць Менск у кантрабандзе санкцыйных харчоў, дапамозе ўкраінскай арміі, нявернасці Крамлю і нават патуранні русафобіі.

Менавіта на сімпатыях звычайных расейцаў грае Лукашэнка, каб абараніцца ад нападак Крамля. Сваркі з Масквой ён тлумачыць не канфліктам дзяржаўных інтарэсаў, а падкопамі алігархаў у атачэнні Пуціна.

«Яны занялі пэўную пазіцыю ціску нават на ўласнага прэзідэнта Пуціна. Думаю, гэта ж не хлопчык, у палітыцы ён не навічок», – заяўляў Лукашэнка.

І гэта эфектыўны ход – лічаць эксперты.

«Цяпер у Расеі пасля пенсійнай рэформы актуалізавалася пытанне, скажам, пра алігархаў, пра несправядлівую прыватызацыю. Рэйтынг Пуціна паляцеў уніз, і вось на гэтай тонкай хвалі Лукашэнка спрабуе згуляць», – дадае Валер Карбалевіч.

Адначасова Лукашэнка даў зразумець, што здаваць Маскве беларускую незалежнасць і сваю ўладу не намераны. Беларусы жадаюць «жыць у сваёй уласнай кватэры» – без навязаных Крамлём умоваў інтэграцыі ды расейскага рубля, заявіў ён.

Пры гэтым развіваць эканамічную і палітычную супрацу з Захадам ці падтрымліваць беларусізацыю Лукашэнка не жадае, лічаць эксперты. Пакуль ён стараецца максімальна захаваць як савецкую эканоміку, так і прарасейскую замежную палітыку.

«Мы самі расейцы, нас немагчыма сутыкнуць адзін з адным, беларус – гэта расеец са знакам якасці. Я сам гэта яшчэ дваццаць з нечым гадоў таму сказаў», – сказаў Лукашэнка.

Застаецца пытаннем: ці з гэтак сфармуляванаю нацыянальнай ідэяй беларусам дазволяць жыць ва ўласным, незалежным доме?

Аляксандр Папко/«Белсат», фота – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum