«Падарунак», які не кожнаму прыйдзецца даспадобы. Кіраўнік Беларусі падпісаў указ пра павышэнне коштаў на камуналку.
«Заплацім, а што ж нам рабіць? Падобна, што так патрэбна».
«Для пенсіянераў, вядома, адчувальна будзе».
«Мне нядорага. Я на пенсіі. Мне пенсію дзяржава плоціць, і мне хапае».
Першага студзеня кошт камунальных паслугаў павысіцца больш як на 8,3 рублёў. З 1-га чэрвеня тарыфы на цеплазабеспячэнне павялічацца на 2.4 рублёў. Эксперты кажуць – кошты набліжаюцца да нашых заходніх суседзяў, але…
«Уся праблема ў тым, што даходы, заробкі, пенсіі ў Літве і Польшчы значна больш вышэйшыя, чым у Беларусі» – адзначае эканаміст Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Дадаткова, беларускія платнікі не ведаюць, на што канкрэтна накіроўваюцца іхныя грошы.
«Я не разумею, як яны фармуюцца? Нешта вагаецца, нешта мяняецца. Такіх у нас вельмі шмат рэчаў, якіх нам не зразумець».«Кожны можа прывесці прыклады, калі нашыя мясцовыя ЖЭСы проста нерацыянальна выкарыстоўваюць сродкі».«Цалкам схавана змрокам таямніцы. Ніхто нідзе ў нас не ведае, акрамя тых, хто гэтыя тарыфы фармуе».«У гэтым ніхто не разбярэцца, акрамя спецыялістаў».
Спецыялісты, аднак, таксама не могуць даць адказу на гэтае, здавалася б, простае пытанне.
«Сістэма ЖКГ – таксама манапаліст, які не можа дакладна нам тлумачыць, чаму менавіта на 8 рублёў, на 10 рублёў падвышаюцца камунальныя плацяжы», – кажа эканаміст Аляксандр Ярашук.
Адна справа – павышаць кошт камуналкі, другая – зніжаць сабекошт паслугаў. Паводле адмыслоўцаў, манаполія стварае спакусу для большае карупцыі. Аднак выкрыццё злачынных схемаў не спрыяе зніжэнню цэнаў на камунальныя паслугі.
У Шклоўскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы быў завышаны кошт на абсталяванне ажно ў 13 разоў. У іншых прадпрыемствах – да 10 разоў. Схему знайшлі, карупцыянераў раскрылі, але нічога не зрабілі, каб гэтыя затраты, гэты крадзеж прыбраць з сабекошту жыллёва-камунальных паслугаў», – кажа Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ, былы кіраўнік ЖКГ Шклоўскага раёну.
Да таго ж паводле адмыслоўца, стандарты, запісаныя ў сабекошт камуналкі, часта не выконваюцца. Гэта, перадусім, недастатковы падагрэў вады, які тэарэтычна мае дасягаць прынамсі 50-ці градусаў, і перабоі з яе дастаўкай – нярэдка ў правінцыі памыцца можна толькі ў акрэсленыя гадзіны. Тым не менш, пакуль сістэма камунальных паслугаў застаецца непразрыстаю, нават адмыслоўцы будуць мець больш пытанняў, чымся адказаў.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu