Аб'ектыў 07.06.2019 Лукашэнка паставіў задача ўраду – здабываць сваю нафту


Такую задачу ўраду паставіў Аляксандр Лукашэнка, паехаўшы на наваполацкі «Нафтан» з інспекцыяй. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што «цераз калена» прымусіў мадэрнізаваць дрэваапрацоўчую галіну. Але з нафтай усё складаней пасля забруджвання трубаправоду «Дружба».

«Я цераз калена прымусіў усіх мадэрнізаваць дрэваапрацоўку, крычалі, лямантавалі – але вынік ёсць».

Так Аляксандр Лукашэнка сёння матываваў кіраўніцтва Віцебскай вобласці завяршыць мадэрнізацыю НПЗ «Нафтан», каб павялічыць магутнасць заводу. Лукашэнка ўзгадаў і расейскую хлараваную нафту, якая істотна паўплывала на працу «Нафтана».

«Шэраг міжнародных кампаніяў ацэньваюць страты Расеі на суму да $ 800 млн. Але мы больш за ўсіх пацярпелі! А нам кажуць: ну што там беларусы – яны нічога не страцілі. Як так?!» – абурыўся Лукашэнка.

Цалкам выцягнуць брудную нафту з «Дружбы» спадзяюцца толькі ў жніўні, а падлік шкоды, паводле Мінэнергетыкі Расеі, зацягнецца да канца лета. Пакуль пра кампенсацыю ідуць перамовы, дакладных лічбаў няма. Масква прапаноўвала $100 млн на ўсе пацярпелыя краіны.

«Беларусь ацэньвае шкоду ад паставак бруднай нафты на парадак больш, чым гатовая прызнаць Расея», – каментуе эканамічны аглядальнік Аляксандр Заяц, намеснік рэдактара TUT.BY.

Пастаўкі бруднай расейскай нафты і пашкоджанае абсталяванне на другім НПЗ у Мазыры сталі рэзананснай справай у грамадстве. Вось што мяркуюць пра расейскую адказнасць жыхары і госці Магілёва:

«Мусяць заплаціць кампенсацыю. Грашыма. Або паставіць нафту ў такой колькасці, колькі каштуюць страты, і бясплатна паставіць нафту».

«Бясплатна хай пакуль дае нафту. Год-два».

«Цяпер ніякіх кампенсацыяў не будзе. Урад Расеі цяпер дастаткова жорсткі, і няма грошай лішніх, бо эканоміка заглохла».

Апроч закулісных перамоваў, ёсць і гучныя заявы, нібыта для працаўнікоў «Нафтану», а насамрэч – для Крамля.

«Калі ў вас бродзіць думка ў галаве, што мы НПЗ прадамо камусьці за бясцэнак – выкіньце гэта з галавы. Стратэгічных прадпрыемстваў, і не толькі іх, мы прадаваць не збіраемся», – запэўніў Лукашэнка, выступаючы перад «нафтанаўцамі».

Ужо былі заявы пра перапрацоўку нафты з Казахстану, сёння ж Лукашэнка загадаў рыхтавацца ў перспектыве перапрацоўваць нафту, якую здабываюць у Беларусі. Цяпер гэта прыкладна 1.7 мільёнаў тонаў на год – разоў у 10 менш, чым супольныя магутнасці «Нафтану» і Мазырскага НПЗ.

«Здабыча беларускай нафты пакуль абыходзіцца Беларусі даражэй, чым пакупка нафты ў Расеі. Плюс экспартныя мыты застаюцца ў Беларусі, і валютная выручка ідзе ў краіну. Таму ўся здабытая нафта ідзе на экспарт», – тлумачыць Аляксандр Заяц.

Як даведаўся партал Tut.by са сваіх крыніцаў, і як пацвердзіў «Белнафтахім», у выніку паставак высокакаразійнай расейскай нафты «Urals», экспарт сыравіны, здабытай у Беларусі, спыніўся з канца красавіка. Аднаўленне паставак беларускай нафты плануецца ў наступным месяцы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары