Лукашэнка пагражае «зачысткай» карупцыянераў


То міністр спорту, то лясной гаспадаркі, а цяпер ужо і міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык аказаўся ўцягнуты ў карупцыйную дзейнасць. Ім цяпер займаецца КДБ, гэтаксама як і Сяргеем Новікавым, былым кіраўніком Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, і ягоным намеснікам Аляксандрам Дуньковічам. Чаму антыкарупцыйныя чысткі ніяк не могуць адмыць беларускі ўрад?

Сямейны бізнес міністра на дзяржаўных падрадах. Браканьерства пад прыкрыццём дзяржаўнай інспекцыі. Як стала вядома ўчора па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём КДБ Беларусі Валерыем Вакульчыкам, улады пашыраюць кампанію антыкарупцыйных чыстак.

Па-першае, працягваюць трэсці міністэрства энергетыкі. За сямейны падрад на пастаўках будаўнічых матэрыялаў на падшэфныя яму прадпрыемствы звольнены міністр энергетыкі Беларусі Міхаіл Патупчык. Раней са сваёй пасады быў зняты старшыня дзяржаўнага канцэрну Белэнерга Воранаў. Некалькі крымінальных спраў было распачата за хабар пры заключэнні дамоваў на пастаўкі ў сістэму энергетыкі спецвопраткі.

Адначасова набірае абароты справа супраць прэзідэнцкай інспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя, якая пакрывала браканьераў узамен на частку ўпаляванай імі дзічыны. Заведзеныя тры крымінальныя справы супраць 22-х браканьераў і 14-ці чыноўнікаў. Але, паводле старшыні КДБ Вакульчыка, гэтая колькасць будзе павялічвацца.

Лукашэнка прыйшоў да ўлады пад лозунгам знішчэння карупцыі. Чаму, за 24 гады кіравання, яму не ўдалося гэтага дасягнуць, мы спыталіся жыхароў Менску.

«У нас усё цудоўна, усё добра, але адна просьба – ня крыўдзіць пенсіянераў».

«Карупцыя, яна – непераможная ва ўсім свеце».

«Мае месца тэлефоннае права……змагацца з ёй у гэтым прававым полі немагчыма».

Напярэдадні, у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1», старшыня КДБ падкрэсліў, што гучныя карупцыйныя справы, якія асвятляюцца ў прэсе сведчаць пра тое, што барацьба з гэтай зʼявай вядзецца ў Беларусі бескампрамісна, але сістэмна яе ў краіне няма. Былы прадпрымальнік і дэпутат парламенту Беларусі Сяргей Скрабец мае адваротнае меркаванне.

«У нас у краіне карупцыя распаўсюджана паўсюдна. Калі бацька міністр, то сын удзельнічае ў тэндары і перамагае. Гэта – складнік таталітарнай сістэмы. Гэта яе крывяносныя сасуды».

Адметна, што інфармацыя пра сістэмную карупцыю і ў міністэрстве энергетыкі, і ў прэзідэнцкай інспекцыі па ахове прыроды ўпершыню прагучала летась, у выніку журналісцкіх расследаванняў «Белсату». Але, у выніку, на фоне гучных пасадах асобных чыноўнікаў, шматмільённыя схемы па выпампоўванні бюджэтных грошай з канцэрну Белэнерга, працягваюцца дагэтуль.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»