Аб'ектыў 26.05.2017 Лукашэнка паразмаўляў з вучнямі пра перамены ў школе




У якасці дапамогі вучням Лукашэнка ізноў вярнуўся да балючай, на ягоную думку, тэмы. Кіраўнік краіны перакананы, што заняткі ў школах пачынаюцца занадта рана. Адсюль прапанова, каб навучальны дзень стартаваў на гадзіну пазней. Ужо з верасня больш за 80 % установаў агульнай сярэдняй адукацыі будуць працаваць з 9-й гадзіны.

Як абгрунтоўваў новаўвядзенне Лукашэнка?

«Для таго, каб чалавек засвойваў матэрыял, ён мусіць добра сябе адчуваць. Мне падаецца, што тут мэта здароўя дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Ці гэтак насамрэч? У Беларусі хапае тых, хто жартам ці сурʼёзна лічыць перанос пачатку заняткаў падарункам Лукашэнкі сыну Колю, якому, імаверна, не надта хочацца рана падымацца ў школу.

Ці новаўвядзенні дапамогуць вучням?

Міністр адукацыі Ігар Карпенка паведаміў сёння, што да 1-га верасня будуць абноўленыя ўсе навучальныя праграмы для сярэдняй школы.

А да новых праграмаў распрацоўваюць і новыя падручнікі. Некаторымі з іх вучні змогуць карыстацца ўжо ў наступным навучальным годзе. Міністэрства адукацыі паабяцала зрабіць дакладны аналіз старой навучальнай літаратуры. Маўляў, трэба прыбраць з падручнікаў тое, што не адпавядае новай праграме. Паводле экспертаў, досвед ранейшых рэформаў не дае падставаў для аптымізму.

«Звычайна прыбіраюць тое, што датычыць нацыянальнай ідэнтычнасці, што датычыць нацыянальных каштоўнасцяў, нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай культуры», – зазначыў былы настаўнік Васіль Палякоў.

Адзін з сумных прыкладаў зменаў у адукацыі за апошнія два дзесяцігоддзі – урокі гісторыі. Паводле школьных падручнікаў, незалежная Беларусь пачынаецца з 1994 года, то бок з прыходам да ўлады Лукашэнкі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары