Лукашэнка: парад абавязкова будзе


«Я асабліва не паруся наконт выяўленых каронавірусных хворых», – заявіў сёння Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай параду 9-га траўня і эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Тым часам колькасць выпадкаў заражэння COVID-19 ў краіне толькі афіцыйна ўжо перавысіла 16 тысячаў.

79 чалавек вылекаваліся і 877 захварэлі на COVID за мінулыя содні. Памерлі двое, павялічыўшы спіс ахвяраў да дзевяноста дзевяці чалавек.

Сярод памерлых – 36-гадовы праграміст буда-кашалёўскага шпіталю. Ён памёр 1-га траўня ад пнеўманіі, выкліканай каронавірусам – пацвердзілі журналістам родныя. Аляксандр Лукашэнка тым часам заяўляе, што прырост пнеўманіяў нязначны.

«У нас толькі 30 адсоткаў хворых на COVID ад агульнай колькасці пнеўманіяў. Гэта вельмі добры паказчык», – кажа кіраўнік дзяржавы.

Колькасць смерцяў ад каронавіруса, паводле кіраўніка дзяржавы, значна меншая, чым ад паўсядзённых здарэнняў. Паводле прыведзенай ім статыстыкі з пачатку года патанулі 89 чалавек, ад атручвання алкаголем памерлі 482.

Таму парад на Дзень Перамогі Лукашэнка адмяняць не намераны:

«Гэта глыбока ідэалагічная рэч. Гэта вельмі важна. Гэтыя людзі паміралі, можа быць, і ад віруса, можа быць паміралі і ад іншых хваробаў, але яны гэтага не заўважалі часам, яны пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы пафасна гэта ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі».

Ці задаволеныя людзі рэакцыяй Лукашэнкі на эпідэмію?

«Не, не задаволеныя! Трэба каранцін адназначна! Па колькасці заражаных мы ўжо перакрылі і Польшчу, і Украіну!»

«Каранцін – не факт, што дапаможа, можа не. Ніхто не ведае, як гэта будзе!»

«Мне бы хацелася пачуць ад яго канкрэтныя прапановы як мы павінныя сябе паводзіць!»

«Госпад добры! Ён паслаў вірус, каб людзі праз страх прыйшлі да Бога – пачалі мантру паўтараць, маліцца», – кажуць жыхары Менску.

Выбух каронавіруса адбыўся ў горадзе Іванава Берасцейскай вобласці. Тэлеграм-каналы паведамляюць, што шпіталізавалі каля дваццаці чалавек. У берасцейца Генадзя Яцкевіча захварэлі адразу трое сваякоў, сярод іх – цётка і дзядзька, якая на Вялікдзень схадзілі на богаслужэнне.

«Смаку не адчувае чалавек. Тэмпература, кашаль. Сказалі, што тэстаў няма, а будуць браць кроў і павязуць на аналіз у Берасце, а далей будзе вядома. І тое няясна, ці будзе. Ніхто нічога не ведае, ніхто нічога не гаворыць», – паведамляе Генадзь.

На недахоп інфармацыі скардзіцца і аршанскі журналіст Ігар Казмярчак. Маўчанне ўладаў у ягоным горадзе спараджае самыя дзіўныя чуткі:

«Пачынаючы ад таго, што з верталётаў будуць апрацоўваць горад уначы, заканчваючы тым, за лядовым палацам будуецца крэматорый для памерлых. Страшныя чуткі былі – проста да ўзроўню трызнення».

Апошнія звесткі пра эпідэмію COVID-19 мясцовыя ўлады падалі больш за тыдзень таму. 24 красавіка ў Аршанскім раёне было 82 выпадкі хваробы. Пад інфікаваных аддалі кардыялагічнае аддзяленне гарадской больніцы № 2. Ці адчуваюць сябе жыхары гораду інфармаванымі?

«Па тэлебачанні кажуць мала чаго. Сітуацыя вельмі цяжкая – усе мы ведаем! Чуткі пра гэта вялікія».

«Кажуць, што хворых размясціць няма дзе. Усё запоўнена. Дадому адпраўляюць лячыцца».

«Я цікаўлюся, як у Віцебску. У мяне там сваты – лекары. Што ў Віцебску, вы самі ведаеце – гэта сам народ дапусціў памылку», – кажуць жыхары Воршы.

У Віцебску і Віцебскім раёне жыве прыкладна кожны дзясяты хворы на COVID-19 у краіне. 30 красавіка з пасады звольнілі галоўнага доктара гарадскога шпіталю хуткай дапамогі. Незадоўга да гэтага ягоныя медыкі паскардзіліся журналістам TUT.BY, што на пачатку эпідэміі былі вымушаныя працаваць без сродкаў абароны. Міністэрства аховы здароўя звальненне лекара з публікацыяй TUT.BY не звязвае.

Аляксандр Папко, «Белсат»