Лукашэнка пагражае, Масква дапамагае

Лукашэнка сабраў сёння адмысловую нараду для падрыхтоўкі да Ўсебеларускага народнага сходу і загадаў звальняць рабочых, якія падтрымалі забастоўку, ды адлічваць студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у недазволеных акцыях пратэсту. Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікі пратэстаў перайшлі шматлікія чырвоныя лініі. Хаця мірныя пратэсты і забастоўкі гарантаваныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека ды міжнароднымі пагадненнямі, падпісанымі Беларуссю.

Тэрарыстаў бачыце? А яны ёсць. У сваім палацы Аляксандр Лукашэнка паведаміў верным яму чыноўнікам, што спецслужбы і міліцыя знайшлі дыверсантаў і сабатажнікаў, кіраваных з Літвы і Польшчы. Нібыта ўдзельнікі акцыяў пратэстаў ламаюць аўтаматыку, каб пускаць цягнікі пад адхон, пераразаюць драты светлафораў, карацей, класіка партызанскай вайны.

«Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі», – заявіў Лукашэнка.

Лукашэнку зноўку падтрымаў Крэмль.

«Выкарыстоўваючы тэхналогіі каляровых рэвалюцыяў, ЗША і іх сатэліты мэтанакіравана нагнятаюць напружанасць, разгойдваюць унутрыпалітычную сітуацыю ў шэрагу краінаў. Зусім нядаўна, пры палітычнай і фінансавай падтрымцы Захаду была здзейсненая спроба змены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь», – заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу на сумеснай калегіі з беларускім міністрам абароны Хрэніным.

Сяргей Шайгу падкрэсліў, што гэта была спроба спыніць інтэграцыю Расеі з Беларуссю, што Масква асуджае спробы ўмяшання ў справы іншых дзяржаваў, а ягонае міністэрства трымае ваенную бяспеку так званай Саюзнай дзяржавы ў прыярытэце.

А што думаюць беларусы пра спробы змяніць кіраўніка дзяржавы на выбарах і потым на пратэстах супраць выбарчых фальсіфікацыяў? Вось што кажуць жыхары і госці Берасця:

«Любая ўлада ад Бога, так напісана ў Бібліі».

«Не ведаю, ці трэба баставаць. Але адназначна яму трэба сысці».

«Трэба баставаць, выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Але без гвалту, прыгожа, пісьменна выказваць, што мы супраць гвалту і беззаконня».

«Тое, што людзі ходзяць на акцыі пратэсту, гэта добра, гэта моц. Асабліва ў Менску моцна бачна, як людзі на ўсё гэта рэагуюць. У нас троху менш у Берасці».

«Абавязкова трэба ўсім выходзіць. І трэба мяняць старую ўладу».

Святлана Ціханоўская, якую ў Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу, у эксклюзіўным інтэрв’ю «Белсату» заявіла, што менавіта жорсткія дзеянні міліцыянтаў рухаюць пратэст наперад і абʼядноўваюць грамадства. Забастоўкі на прадпрыемствах лідарка беларускай апазіцыі лічыць законным спосабам ціску на нелегітымную ўладу.

«Тым, што ты не выходзіш, ты ціснеш эканамічна на рэжым, і ў рэжыму не застаецца сродкаў на аплату гэтых амапаўцаў», – падкрэсліла лідарка беларускай апазіцыі.

У сённяшніх пагрозах Лукашэнкі штаб Ціханоўскай бачыць праяву слабасці.

«Галоўнае, што ён сказаў, што яны – маючы на ўвазе нас – прайшлі 7-8 этапаў, засталося няшмат. Я б на гэтыя словы звярнула ўвагу: хлопцы, ён усё разумее, засталося няшмат… Мы пабачылі галоўнае: у грамадстве ёсць падтрымка пратэсту і зусім няма падтрымкі Лукашэнкі. Ён заяўляў тыдзень, што збярэ мітынг, і не змог нікога сабраць», – нагадвае Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай.

Акцыі пратэсту і частковыя забастоўкі паводле народнага ўльтыматуму паказалі адчувальны поспех, мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Народ адгукнуўся на заклік Святланы Ціханоўскай, зʼявілася сувязь з сімвалам пратэсту, і гэтую сувязь трэба ўзмацняць. Але палітычны крызіс можна развязаць толькі палітычнымі метадамі.

«Гэтыя палітычныя метады патрабуюць зараз, неадкладна абвесціць, што ўлада ў Беларусі, другі цэнтр улады – гэта Святлана Ціханоўская і Каардынацыйная Рада. Па-другое, Святлана Ціханоўская ад свайго імя і з далучэннем КР павінныя абвесціць дарожную мапу нашага руху да перамогі і пазначыць, чым ёсць нашая перамога», – кажа Мацкевіч.

Пры гэтым не варта чакаць, пакуль абудзяцца ўсе заводы, падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч. Сённяшняя мірная рэвалюцыя беларусаў – не рэвалюцыя «рабочых і сялян».

«Не варта спадзявацца на рабочых, якія сёння павязаныя крэдытамі, кантрактамі. Гэта ўжо не тыя рабочыя, якім не было чаго губляць, акрамя сваіх кайданоў і ланцугоў. Сёння мы маем паўстанне ўсяго грамадства», – мяркуе адмысловец, але дадае, што не варта ані перабольшваць значэнне забастовак, ані заніжаць іх вартасць.

Бо ў цяперашнім руху да свабоды ад дыктатуры прадстаўленае ўсё грамадства.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама