Лукашэнка пагражае грамадзянам


Аляксандр Лукашэнка загадаў міністру адукацыі Ігару Карпенку выгнаць са школаў настаўнікаў, якія не падзяляюць дзяржаўнай ідэалогіі. Гэты загад – парушэнне Канстытуцыі Беларусі. Некалькі дзён таму Лукашэнка паабяцаў, што з панядзелка разбярэцца з правакатарамі ды журналістамі. Некалькіх лідараў пратэсту затрымалі, але, падобна, абурэння грамадства гэта не згасіла.

Новы спосаб дамагчыся перавыбараў – адклікаць сваіх дэпутатаў з Палаты прадстаўнікоў. З такою прапановаю да беларусаў звярнуўся сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак.

«Калі страчаны давер да дэпутата, калі яны не выконваюць сваіх абавязкаў, то можна іх адклікаць. Для гэтага ёсць юрыдычныя дзеянні. Ёсць вельмі шмат ініцыятываў, і вельмі файна, што яны ствараюцца і выконваюцца незалежна ад Рады», – паведаміў сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак.

Дваіх сябраў рады – Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага – улады сёння затрымалі. Іх абвінавацілі ў незаконнай арганізацыі забастовак. У Следчы камітэт выклікаюць Святлану Алексіевіч і Паўла Латушку. Ці ўладам удасца запалохаць пратэстоўцаў?

«Для ўсіх беларусаў відавочна: іх большасць. Яны хочуць мірных пераменаў, яны не згодныя з тым, што зрабілі з іх галасамі на выбарах, яны не будуць з гэтым мірыцца. Магчыма, улады думаюць, што яны могуць нейкім чынам гэты пратэст пагасіць або дэматываваць. Хай не спадзяюцца! Беларусы не забудуцца і не даруюць таго жаху, які тварыўся апошнія два тыдні, а дагэтуль 26 гадоў», – заяўляе сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава.

Ля метро «Пушкінская», дзе два тыдні таму сілавікі застрэлілі маніфестанта Аляксандра Трайкоўскага, мастакі зладзілі акцыю «Беларускі жывапіс. Лета 2020».

«Ідзе параўнанне сініх палосаў на целе з карцінамі. І ў нас ёсць плакат «Мы хочам маляваць пейзажы і кветкі, а вы малюеце дубінкамі на нашых целах», – тлумачыць арганізатарка перформансу Кацярына.

Каля народнага мемарыялу, які штодня знішчаюць камунальнікі, людзі стварылі жывы ланцуг.

«Я не магу падабраць словаў. Адзінае, што я хачу сказаць: «Мы супраць гвалту!» Гвалт ні ў якой форме, ані псіхалагічнай, ані фізічнай, не прымальны!» – заяўляе адзін з удзельнікаў ланцугу доктар Канстанцін Хайкоў.

Замежныя ж СМІ і палітыкі абмяркоўваюць ваяўнічы жэст Лукашэнкі. Калі ў Менску маніфеставалі больш за 100 тысячаў ягоных апанентаў, ён зняўся на камеру з аўтаматам у руках у кампаніі ўзброенага 15-гадовага сына.

«Ён разоў 6 сустракаўся ў ваенных частках, у частках АМАПу. Гэта застаўся ягоны электарат. Практычна ён зараз на гэты электарат і працуе. Іншая справа, ці не можа гэта мець адваротнай рэакцыі?» – задае пытанне палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

А як ваяўнічы відэаролік Лукашэнкі адчыталі звычайныя беларусы?

«Правакацыя ў адносінах людзей. Маўляў, я гатовы ісці да канца. Я гатовы па вас страляць і мне пляваць, што кажа міжнародная супольнасць».

«Для амапаўцаў. Ён хацеў паказаць, што ён такі ж, як яны, і яны могуць паступаць далей, як паступалі».

«Гэта нешта ненармальнае. Было б смешна, калі б не было так сумна».

«У нас жа цяпер расейцы, расейскія прапагандысты працуюць у яго СМІ», – кажуць жыхары Менску.

Тым часам Лукашэнка зноў стэлефанаваўся з кіраўніком Расеі. Паводле «Пула первого», размова ішла не пра вайсковую ці інфармацыйную, а пра медычную дапамогу. Праўладны тэлеграм-канал анансаваў, што беларусы ў добраахвотным парадку возьмуць удзел у выпрабаваннях расейскай вакцыны ад каронавіруса.

Аляксандр Папко, «Белсат»