Лукашэнка падпісаў указ аб бяспецы БелАЭС. Фізікі кажуць, што станцыю запускаць нельга


Пытанні бяспекі не толькі пры будоўлі, але і пры эксплуатацыі АЭС будзе рэгуляваць указ нумар 70, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Ён уносіць карэктывы да ўказу «Аб запэўніванні бяспекі пры будоўлі Беларускай атамнай электрастанцыі». У сваю чаргу эксперты ўказваюць на адсутнасць рэальных захадаў уладаў Беларусі для гарантаванні бяспекі і падкрэсліваюць: паперай ад радыяцыі не абараніцца.

Паводле новага ўказу ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы змогуць кантраляваць радыеактыўнае забруджанне без атрымання ліцэнзіі. Але якраз у справе небяспечных адкідаў ад вытворчасці энергіі на атамнай электрастанцыі паўстае найбольш пытанняў, бо няма інфраструктуры для іх апрацоўвання.

Андрэй Ажароўскі, расейскі эколаг, фізік-ядравік:

«Абмяркоўваюцца такія замкі на пяску. Мы зараз атамную электрастанцыю пусцім, а потым калі-небудзь створым за незразумела якія грошы інфраструктуру для абыходжання з адходамі».

Улады, замест таго, каб распачаць канкрэтныя дзеянні, падпісваюць чарговыя ўказы. Гэтым разам кіраўнік краіны ўхваліў дакумент, які рэгулюе пытанні бяспекі пры эксплуатацыі БелАЭС.

«Мы ведаем, што і Чарнобыльская станцыя на момант выбуху, і Фукусімская АЭС на момант катастрофы мелі ўсе магчымыя дазвольныя дакументы. І ад нацыянальных органаў кантролю, ад Міжнароднага агенцтва ў пытаннях атамнай энергіі. Паперай ад радыяцыі абараніцца немагчыма», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Апроч таго, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў павіннае цяпер праводзіць грамадскія слуханні ў сферы бяспекі ядравай энергетыкі. Пакуль жа меркаванні аб планаваным запуску станцыі мы сабралі ў Менску:

«Трэба было гэтае пытанне нейкім чынам на рэферэндуме развязваць, трэба яна нам ці не трэба. Бо цяпер мы нават не ведаем, куды электраэнергію падзець тую, якую яна будзе выпрацоўваць».

«Даўно гэта трэба было зрабіць, пераходзіць на энергію. Не трэба было глядзець у мінулае і трымацца нейкіх стэрэатыпаў, што ўсё можа падарвацца».

«Яе ж «Росатом» будуе. Я ім не давяраю».

«Нам Чарнобылю хапіла. У мяне знаёмых шмат, хто памёр заўчасна, бо яны былі ў гэтай зоне, хтосьці нарадзіўся ў перыяд, калі гэта адбылося».

Беларускую атамную электрастанцыю будуюць каля Астраўца ў Гарадзенскай вобласці – на беларуска-літоўскім памежжы. Таму сумненні ў гарантыі бяспекі ад уладаў Беларусі выказваюць і нашыя суседзі. Асабліва таму, што літоўцы не атрымліваюць ніякай інфармацыі пра будаўнічыя працы. Лінас Бальсіс, дэпутат сейму Літвы, каментуе:

«Паводле нашых звестак, якія мы маем, якімі я валодаю, там самая канструкцыя, самая якасць працаў усё ж такі выклікаюць вельмі вялікую заклапочанасць. Я не ўпэўнены, што там усе працы вядуцца так, як сапраўды трэба было б. Бо мы не атрымліваем адказаў на гэтыя пытанні».

Для будоўлі Беларускай АЭС выкарыстоўваюць расейскі праект. Расея і дала Беларусі дзесяцімільярдавы крэдыт. Першы рэактар атамнай электрастанцыі маюць запусціць у канцы гэтага года, а ў 2020-ым у эксплуатацыю плануюць здаць другі энергаблок.

Ганна Мордань, belsat.eu