Лукашэнка падняў сілавікам заробкі на 40 %


Міліцыянты, вайскоўцы, ратавальнікі, следчыя: паводле неафіцыйнай інфармацыі з розных крыніцаў, працаўнікі ўсіх сілавых структураў ужо ў верасні атрымаюць заробкі прынамсі на 20 % вышэйшыя. І такую ж надбаўку – зноў у снежні.

Некалькі дзён таму зʼявіўся ўказ Лукашэнкі аб павелічэнні пенсіяў для сілавікоў з 1-га верасня з дапамогаю карэктавальных каэфіцыентаў. Гэта можа быць ускосным пацверджаннем планавага падвышэння выплатаў і дзейным службоўцам.

«Гэта лабіравалі сілавікі, таму што яны глядзяць на Расею, дзе нашмат лепш фінансаванне ідзе», – тлумачыць былы следчы Алег Волчак.

Як цяпер фінансуюць вайскоўцаў і міліцыянтаў?

На старонцы Нацыянальнага статыстычнага камітэту звестак пра заробкі чыноўнікаў і сілавікоў вы не знойдзеце.

Два гады таму Шуневіч прагаварыўся, што ўчастковы інспектар у званні капітана зарабляе ў сярэднім Br 700. Свежы разліковы лісток міліцыянта на той жа пасадзе змяніўся. За ліпень 2017-га года капітан атрымаў амаль Br 1200.

Натуральна, на стартавых пазіцыях шараговыя міліцыянты маюць больш сціплае фінансавае палажэнне. Як сведчаць нешматлікія абʼявы на сайце jobs.tut.by, да прыкладу, кандыдат на патруляванне сталічных вуліцаў будзе атрымліваць бруднымі не больш Br 600. Але пры гэтым, працадаўца аплочвае жыллё ды ўключае ў спіс на паляпшэнне жыллёвых умоваў.

На агульным фоне становішча сілавікоў – зайздроснае

Стабільныя заробкі, развязанне жыллёвых праблемаў, ранні сыход на пенсію.

Працаўнікам бюджэтнай сферы таксама з верасня павышаюць заробкі, але не так значна – усяго на 6,5 %. У сферы аховы здароўя сярэднія заробкі ў чэрвені былі на ўзроўні Br 642, у адукацыі яшчэ ніжэй – Br 566. Старшыня незалежнага прафсаюзу Генадзь Фядыніч настойвае, што перад павышэннем заробкаў варта задумацца пра паляпшэнне іміджу, і ў першую чаргу супрацоўнікаў МУС.

Перавышэнне паўнамоцтваў і гвалт з боку асобных супрацоўнікаў міліцыі

Рэдка калі ў такіх сітуацыях сілавікоў караюць – нягледзячы нават на грамадскую рэакцыю. Але відавочна непапулярнае рашэнне аб падвышэнні заробкаў, упэўненыя назіральнікі, неабходнае ўладам для захавання лаяльнасці службоўцаў.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum