Лукашэнка падазрае чыноўнікаў у фальсіфікацыях


Звесткі пра зімовую кукурузу ды іншыя вынаходніцтвы айчынных аграрыяў неаднаразова траплялі ў аб’ектывы «Белсату». Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі, якое цытуе «Еўрарадыё», на 8-га лістапада 21 % кукурузы і 6 % цукровых буракоў заставаліся на палях. Пры гэтым прэм’ер Кабякоў абяцаў даць справаздачу аб завяршэнні ўборачнай кампаніі яшчэ 31-га кастрычніка.

«Барані бог, замест інфармацыі я атрымаю дэзынфармацыю. Я маю на ўвазе тыя звесткі, якія не так даўно не прадставіў КДК, паводле якой, ці міністры не валодаюць сітуацыяў у сельскай гаспадарцы, ці мэтанакіравана, разам з губернатарамі фальсіфікуюць вынікі і хаду ўборачнай кампаніі», – папярэдзіў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка сам адсунуў тэрмін заканчэння ўборачнай кампаніі да 7-га лістапада, але і ў новыя тэрміны аграрыі не ўклаліся. У часе нарады кіраўнік краіны адзначыў, што рэнтабельнасць продажаў сельгаспрадукцыі складае 15-80 %, нягледзячы на гэта амаль тры сотні аграрных прадпрыемстваў застаюцца на мяжы выжывання.

Не працуюць указы, не працуе сістэма ільготаў

«Ці зменшылася колькасць неплацежаздольных прадпрыемстваў? Ці вырасла эфектыўнасць сельскай гаспадаркі?», – абураўся Лукашэнка.

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, з гэтай нарады вынікае адсутнасць эфектыўнасці існай мадэлі сельскай гаспадаркі.

«Не працуюць указы, не працуе сістэма ільготаў. Урад просіць Лукашэнку, каб яшчэ нейкія льготы дадатковыя, за кошт бюджэту, выратаваць абсалютна нежыццяздольныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы», – упэўнены палітолаг.

Аграпрадпрыемствы пачалі актыўна скарачаць людзей

А калі нельга своечасова сабраць ураджай, навошта скарачаць, рытарычна запытвае шэф-рэдактарка AGROLIVE.BY Іна Гармель.

«Працягваецца даўгавое закабаленне прадпрыемстваў. Яны ўсё больш і больш трапляюць у залежнасць ад крэдытаў, часам нават некаторыя не могуць разлічыцца па заробках, каб не ўзяць чарговы банкаўскі крэдыт», – тлумачыць яна.

Вяртаючыся да абвінавачанняў у дэзынфармацыі, практыка прыпісак у сельскай гаспадарцы даўно зрабілася нормаю. Паводле суразмоўцаў «Белсату», сёлета толькі ў часе ўборкі збожжавых, доля прыпісак склала 20-25 %, гэта азначае што 1-1,5 мільёны тонаў зерня маем толькі на паперы.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum