Лукашэнка паабяцаў ЗША: «Беларусы будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнёрамі»


Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае адправіць беларускіх міратворцаў на лінію фронту на Данбасе і адначасова заяўляе, што разам з Масквой рыхтуе адказ на магчымае з‘яўленне амерыканскай вайсковай базы ў суседняй Польшчы. Заявы прагучалі на сустрэчы Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка не хавае радасці – яму ў чарговы раз удалося пахваліцца дарагім палацам перад замежнымі гасцьмі. Ад аўторка да чацвярга ў Менску праходзіць сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Палітолаг Валер Карбалевіч кажа:

«Калі параўноўваць з самой Мюнхенскай канферэнцыяй у Мюнхене, то параўноўваць цяжка».

Беларускі выезд мюнхенскай канферэнцыі сабраў трохі значных палітыкаў, у тым ліку прэзідэнта Арменіі, прэм‘ераў Малдовы і Балгарыі, высокапастаўленых прадстаўнікоў АБСЕ, Еўракамісіі ды міністраў замежных справаў розных краінаў. Асабліва вылучыліся прэзідэнт Косава, якое Беларусь не прызнае, і прэм‘ер-міністр Сербіі. Яны нават спаткаліся ў межах мерапрыемства. Сам факт канферэнцыі сведчыць, што Беларусь вяртаецца ў палітычны парадак дня Еўропы, лічыць Валер Карбалевіч:

«Паседжанне ПАСЕ, паседжанне міністраў замежных справаў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, потым былі 2 форумы ў рамках АБСЕ ў Менску, і вось цяпер Мюнхенская канферэнцыя. Еўрапейскія структуры спрабуюць ангажаваць афіцыйны Менск у агульнаеўрапейскія працэсы».

Былі таксама і Менскія пагадненні – у самы разгар неабвешчанай вайны Расеі супраць Украіны, і з’езд Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы. Улады Беларусі даўно дэкларуюць ідэі шматпалярнага свету, прапаноўваюць Менск як нейтральную пляцоўку і вядуць бізнес з двума бакамі канфліктаў. Вось сённяшняя прамова Аляксандра Лукашэнкі армянскаму прэзідэнту Армену Саркісяну:

«У Беларусі вы заўсёды мелі і будзеце мець добрых і надзейных сяброў. Мы з вамі працуем і ў адзінай эканамічнай прасторы – нашым Еўразійскім саюзе. У ваенна-палітычным саюзе АДКБ».

А вось заява ў тым жа Палацы Незалежнасці год таму (27.11.2017), падчас сустрэчы з кіраўніком Азербайджану, з каторым Арменія даўно і крывава ваюе:

«Мы з вамі супрацоўнічаем, як у Беларусі, вобласць з вобласцю, такі ўзровень. Калі гэта камусьці не падабаецца, гэта іх праблемы».

Пазней стала вядома, што беларускія ўлады прадалі Азербайджану рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланэз», якія моцна змянілі баланс сілаў на Каўказе. Але нічога асабістага, толькі шматпалярны бізнес. І ў сітуацыі супрацьстаяння Расеі і краінаў Захаду Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае свае паслугі Злучаным Штатам:

«Калі мы з вамі рушым наперад у нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнёрамі… Калі мы будзем запатрабаваныя ў вырашэнні самых складаных праблем у Еўропе, асабліва ва Усходняй Еўропе, тут, на геапалітычным разломе, мы гатовыя да гэтага».

Свае прапановы Лукашэнка перадаў праз памочніка дзяржсакратара ЗША Аарана Уэса Мітчэла, першага высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі Трампа, які прыехаў у Беларусь. Пазней міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Менск і Вашынгтон працягнуць працу аб узаемным вяртанні амбасадараў, якіх няма ўжо 10 гадоў:

«З гэтым звязаны шэраг момантаў, лагістычных, арганізацыйных… Ёсць разуменне, што трэба рухацца далей, стараючыся пашырыць тую пазітыўную атмасферу, якая існуе на гэты момант у нашых адносінах».

Як лічаць палітолагі, краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі вымушана забылі пра імідж Лукашэнкі як «апошняга дыктатара Еўропы» пасля расейскай ваеннай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе. Цяпер на Захадзе баяцца занадта моцнага збліжэння Беларусі і Расеі. Адміністрацыя Лукашэнкі карыстаецца гэтым і для паляпшэння іміджу, і для ўзмацнення кантролю над грамадзянамі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Sergei Grits / Pool via REUTERS / FORUM