Аб'ектыў 24.11.2017 Лукашэнка не паехаў у Брусель, бо Мэркель адмяніла сустрэчу


Уладзімір Макей – галоўны герой ад афіцыйнага Менску ў Бруселі. А галоўнае пытанне на пачатку саміту – ці будзе базавае пагадненне Еўразвязу з Беларуссю.

«Я перакананы, што будзе. І думаю, што гэта будзе раней, чым пазней. І мы з нашымі еўрапейскімі партнёрамі працуем над гэтым», – запэўніў прысутных беларускі міністр.

Выніковая дэкларацыя: дачыненні з Беларуссю сталі больш «ўсёабдымныя»

Гэта тычыцца як супрацы, так і дыялогу аб правах чалавека і гандлі. Сам міністр ад сённяшняга саміту чакаў канкрэтыкі – што ад «Усходняга партнёрства» атрымаюць беларусы. Клопат аб грамадзянах гучаў прыярытэтам. Але чамусьці не прыляцеў у Брусель сам Аляксандр Лукашэнка, якога сюды запрасілі ўпершыню. Кіраўнік паехаў у раённы цэнтр Буда-Кашалёва на Гомельшчыне.

«Яны, нарэшце, зразумелі, што без Беларусі не можа быць Еўропы. Міністр замежных справаў Нямеччыны спадар Габрыель мне так і сказаў: Вы цэнтр Еўропы. «Якая Еўропа без Беларусі!» Але ўжо ўсё было запланавана. А ў Буда-Кашалёве паездку я тройчы адкладваў. Ну што, трэба было яшчэ раз адкласці?», – патлумачыў кіраўнік Беларусі, чаму яму не да саміту.

Брусель – не Буда-Кашалёва. Таму справіцца і міністр

Старой гульні – усядзець на двух фатэлях, паміж Масквой і Бруселем – выключаць нельга.

«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка выдатна разумеў, што тыя грошы, якія ён атрымлівае ад саюзу з Расеяй, ён там не атрымае. Але пажадана было б. Але еўрапейскае пазіцыянаванне Беларусі павінна было падштурхнуць Расею раскашэліцца яшчэ больш. Гэта варыянт такога шантажу», – упэўнены палітолаг з Масквы Андрэй Суздальцаў.

Эксперт даводзіць, што Лукашэнка дзейнічае выключна прагматычна. І ехаць збіраўся. Але на еўрапейскія салоны яго павінна была ўвесці не хто іншы, а сама Ангела Мэркель. І нездарма 17-га лістапада з працоўным візітам у Менск прыязджаў міністр замежных справаў Нямеччыны Зігмар Габрыель. Аднак у Берліне наспеў уласны палітычны крызіс – і канцлерка сустрэчу адмяніла. Адмяніў візіт і Лукашэнка.

Падпісваць дакументы і тлумачыць адсутнасць шэфа, мусіў Макей

«Беларусь знаходзіцца паміж двума пажарамі: з аднаго боку Расея, з другога – Еўразвяз. Яны, на жаль, канкуруюць. Мы хацелі б пазбегнуць гэтай канфрантацыі. Мы не хочам ствараць новай лініі падзелу, а аб’ядноўваць нашы намаганні, каб пераадолець рыторыку канфрантацыі», – зазначыў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Але проста сябраваць з усімі не атрымаецца. Неабходна прытрымлівацца і нейкіх умоваў. Пра гэта нагадалі і апазіцыйныя палітыкі з Менску, якіх таксама выслухалі ў Бруселі. І мясцовыя актывісты, якія пратэставалі з партрэтамі зніклых у Беларусі апанентаў улады.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Drachev Viktor / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары