Лукашэнка не хоча, каб у Менску было больш за 2 мільёны жыхароў


Аляксандр Лукашэнка сабраў на нараду менскіх чыноўнікаў, дзе расказаў пра сваё бачанне праблемаў функцыянавання і развіцця сталічнай агламерацыі. Якія прэтэнзіі выставіў кіраўнік краіны выканаўчым органам і якія праглядаюцца шляхі развязання праблемаў?

Менск мусіць стаць разумным горадам з шырокім спектрам вулічных імпрэзаў і насельніцтвам, не большым за два мільёны асобаў. Дзеля гэтага варта ўкладацца ў развіццё гарадоў-спадарожнікаў і нават скараціць колькасць міліцыянтаў. Гэткі наказ уладам сталіцы даў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны заявіў, што катэгарычна незадаволены працаю Менгарвыканкаму, а актыўнасць менскіх уладаў у развіцці інфраструктуры адстала ад надзённых патрэбаў як мінімум на некалькі гадоў.

«Чэргі ў дзіцячыя садкі і немагчымасць уладкаваць дзіцёнка ў садок бліжэй да дому. Гэта і чэргі ў інстытуты аховы здароўя, паліклінікі. Гэта і заторы на дарогах. Гэта ўсё бачаць менчукі, ім не падабаецца, гэта пагаршае ўмовы жыцця ў горадзе», – распавядае Віктар Янчурэвіч, каардынатар ініцыятывы «Экаград».

Каб стварыць лепшыя ўмовы для менчукоў, разгрузіць сталіцу і трымаць колькасць насельніцтва ў межах двух мільёнаў чалавек, Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў актыўна заняцца ўпарадкаваннем гарадоў-спадарожнікаў. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«З 2012 года справа не прасунулася далей за адзін здадзены дом у Смалявічах. Яна і не зрушыцца, калі дзяржаўная праграма вынасу вытворчых аб’ектаў праваленая. А перанос запланаваных 12 прадпрыемстваў прыцягнуў бы ў рэгіёны працоўную сілу».

А ці бачаць нейкія змены жыхары тых самых гарадоў-спадарожнікаў?

«Канечне, лепш стала. Больш будоўляў, чысцей стала, больш магчымасцяў».

«Фаніпаль завяз у брудзе. Ды чаго далёка хадзіць – вось не зроблена дарога, усё кінутае».

«Хацелася, каб гэта ўсё было хутчэй. Таму што для моладзі няма куды пайсці».

«Не ведаю нават. Нічога не магу сказаць. Горад як горад, развіваецца».

«У нас наагул у Фаніпалі прыгожа стала. Раней такога не было», – кажуць жыхары Фаніпалю.

На меркаванне адмыслоўцаў, рыторыка і загады кіраўніка краіны істотна адрозніваюцца ад таго, што робяць на месцах нават у Менску. Такое стаўленне сталічнага кіраўніцтва да існых планаў развіцця гораду і спадарожнікаў сведчаць або пра няздольнасць чыноўнікаў выканаць задачы, пастаўленыя Лукашэнкам, або нават пра страту аўтарытэту найвышэйшай улады.

«З улікам таго, колькі ў Менску набудавалі жытла, з улікам яго кошту і кошту зямлі ў горадзе Менску і прыбытку ад забудовы, горад Менск павінен быў быць даўно вылізаны і прыведзены да ўзорнага стану. Але гэтага не адбываецца. І куды раствараюцца грошы, якія атрымлівае бюджэт гораду Менску, для нас незразумела», – каментуе Віктар Янчурэвіч.

Гэтая непразрыстасць – адна з крыніцаў недаверу як менчукоў, гэтак і жыхароў іншых паселішчаў да мясцовых уладаў. Эксперты ж мяркуюць, што пытанне даверу – жыццёва важнае для Лукашэнкі на фоне блізкіх выбараў. І сваю кампанію ён ужо распачаў у тым ліку такою жорсткаю рыторыкай.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu