Лукашэнка назваў беларусаў паскуднымі


У Аляксандра Лукашэнкі паганы настрой. А ўсё таму, што – як ён заявіў падчас сённяшняй паездкі ў Воршу – «паскудныя мы людзі». Адкуль такое меркаванне ў кіраўніка краіны, ды чаму ён лічыць беларусаў недастаткова добрымі людзьмі?

Кіраўнік краіны заклапочаны стаўленнем беларусаў увогуле і ягонага ўраду ў прыватнасці да ільнаводства. Бо лён, паводле афіцыйнага лідара, ёсць «палітычнай культурай». На адмысловай нарадзе ў Воршы кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў хаду мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбінату ды папракнуў суайчыннікаў:

«Галоўнае маё ўражанне пакуль сёння – паскудныя мы людзі. Любіць трэба сваю краіну. І любоў мусіць выяўляцца не ў балбатні і словах, а ў справах. (…) Здавалася б, чаго ў мяне такі паганы настрой? Таму што мы агідна ставімся да гэтага».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што айчынная льняная прамысловасць за год-другі можа стаць удвая эфектыўнейшай. А пакуль гэтага не здарыцца, кіраўнік краіны будзе мець паганы настрой. Як пацешыць кіраўніка краіны – раяць менскія мінакі:

«Няхай пагуляе, на сонейка паглядзіць, кветачкі панюхае».

«Хай ён падыме настрой народу, а народ яму падыме з задавальненнем. Па-мойму, іншага варыянту няма. Памятаеце, як гэты казаў: калі мне будзе добра, я зраблю так, што табе будзе добра!»

«Сказаць яму, што ўсё будзе добра, і ўсё ў свеце будзе спакойна».

«Лепш ставіцца да ўсяго».

«Як мы можам? Мы робім сваю працу добрасумленна і шчыра, таму, я лічу, пры тэмпераменце беларусаў – настрой у прэзідэнта мае быць. Мы пазітыўныя, спакойныя, зацікаўленыя ў сваёй працы, у сваёй сям’і. Спадзяюся, што ягонае меркаванне зменіцца!»

Ганна Мордань, belsat.eu

Фота: REUTERS / Valentyn Ogirenko / FORUM