Лукашэнка наймае амерыканскіх лабістаў


Беларусь будзе краінай рынкавай эканомікі! Прынамсі, юрыдычна і калі атрымаецца пераканаць амерыканцаў. Паводле апублікаванай пастановы Савету міністраў, дзяржава заплаціць амерыканскай юрыдычнай кампаніі за адпаведныя паслугі, а менавіта змяніць статус Беларусі ў вачах Міністэрства гандлю ЗША.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас падпісаў пастанову № 690. Паводле дакументу, Міністэрства эканомікі мусіць правесці дзяржаўны закуп юрыдычных паслуг па суправаджэнні пераводу Беларусі са статусу краіны з нярынкавай эканомікай у рынкавы ў вачах Міністэрства гандлю ЗША.

Паслугі купяць у кампаніі «Crowell & Moring». Гэтая кампанія з 40-гадовай гісторыяй мае ў штаце 550 юрыстаў, офісы па ўсёй Амерыцы ды ўваходзіць у сотню найбагацейшых юрыдычных фірмаў ЗША. Колькі грошай будуць каштаваць іх паслугі, пакуль невядома, але ў ЗША гэта завецца лобі.

«Лабісты раскрываюць, на чые інтарэсы яны працуюць, колькі ім плацяць, і таму могуць прасоўваць інтарэсы асобных амерыканскіх кампаніяў ці асобных замежных кампаніяў, нават асобных замежных краінаў і палітыкаў», – тлумачыць аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Сутнасць паслугі «Crowell & Moring» – скарыстацца хітрасцямі амерыканскага заканадаўства і знаёмствам з заканадаўцамі, каб Вашынгтон прызнаў Беларусь рынкавай краінай, што паўплывае і на магчымы ўдзел беларускіх кампаніяў у амерыканскіх дзяржзакупах, і ў развязванні гандлёвых спрэчак. Статус рынкавай эканомікі карысны і для ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (WTO). А калі гэты рынкавы статус за Беларуссю прызнае ЗША, то прызнаюць і іншыя, мяркуе Валер Карбалевіч:

«Калі краіна не з рынкавай эканомікай, то пры ўступленні ў WTO адносна яе больш розных… захадаў, якія абцяжарваюць беларускі гандаль, і тарыфы больш высокія».

Але аднаго лабізму недастаткова, трэба сапраўдныя рэформы, каб зрабіць нашую эканоміку рынкавай, тлумачыць Вадзім Іосуб. Бо беларускія кампаніі паводле амерыканскіх законаў маюць неапраўданыя прэферэнцыі, ільготы і датацыі з боку дзяржавы, што вядзе да няроўнай канкурэнцыі на міжнародных рынках. Праўда, хуткіх рэформаў, поўнай адмены дзяржаўнай падтрымкі для заводаў і фабрык пакуль не бачна.

«Лукашэнка ўпэўнены, што цяперашняя сацыяльная мадэль Беларусі з вялізарным дзяржсектарам гэта аснова для ўтрымання палітычнай улады. Любыя змены гэтай мадэлі – рызыка», – тлумачыць Валер Карбалевіч.

Але справа не толькі ў дзяржаўнай уласнасці.

«У нашай беларускай практыцы і недзяржаўныя прадпрыемствы, калі іх кіраўніцтва набліжанае да вярхушкі ўлады, таксама можа мець неапраўданыя ільготы», – кажа Вадзім Іосуб.

Размова пра лукашэнкаўскіх алігархаў. Вядомы прыклад – «Табакеркі», сетка кіёскаў кампаніі «Энерга-Ойл», падкантрольнай Аляксею Алексіну. «Табакеркі» стаяць на кожным кроку, а звычайныя кіёскі з вуліцаў прыбралі. Або сербскія браты Карычы, уладальнікі кампаніі «Dana Holdings», будаўнікі гэтак званага «Маяка Менску», якія элегантна абыходзяць юрыдычныя перашкоды для свайго бізнесу. Алігархі Лукашэнкі маюць нярынкавыя, няроўныя ўмовы, а часам і манаполіі на цэлыя галіны гаспадаркі.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum