Лукашэнка набраў столькі даўгоў, што больш ніхто не дасць


«Калі б не было гэтых пазыкаў, вядома, эканоміка б развівалася больш высокімі тэмпамі. Яны і так прымальныя, але былі б больш высокія тэмпы», – казаў Лукашэнка пра ўзровень дзяржаўнага доўгу Беларусі пяць гадоў таму.

Як рос доўг

У 2012-м эканоміка расла на 1,7%. А замежная запазычанасць дзяржаўнага сектара, уключна з гарантыямі ўраду за крэдыты, узятыя камерцыйнымі структурамі, складала траціну ад валавога ўнутранага прадукту. Два гады таму дзяржаўны доўг складаў ужо 40 % ад ВУП. Пра тое, што больш крэдытаў браць нельга казаў і сам Лукашэнка.

На сённяшні дзень дзяржаўная запазычанасць, уключна з унутранай і пазыкамі, гарантаванымі дзяржавай, складаюць палову ад Валавога ўнутранага прадукту. Выплаты па адсотках забіраюць 16 % ад рэспубліканскага бюджэту. Гэтыя грошы забіраюцца ад інвестыцыяў, адукацыі, медыцыны, а таксама ад бізнесу – за кошт падаткаў ды штрафаў.

Нягледзячы на гэта, урад штогод браў дадатковыя пазыкі

Сёлета, па выніках студзеня-ліпеня, дзяржаўная запазычанасць павялічылася на чарговых 7,5 %. То бок, каб пазбегнуць дэфолту краіна вымушаная ня толькі перапазычаць тое, што вінная, але і павялічваць штогод гэтую запазычанасць. Напярэдадні прадстаўнік Сусветнага банка Ян Чул Кім папярэдзіў, што доўга такая схема праіснаваць ня зможа.

Раней, сёлета ўлады Беларусі спынілі перамовы з Міжнародным валютным фондам, які прапаноўваў замяніць частку дарагіх беларускіх крэдытаў таннымі, каб даць краіне магчымасць учыніць рынкавыя рэформы ды пачаць змяншаць суму запазычанасці.

21-га красавіка сёлета Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для яго – непрымальныя прапановы фонду па рэфармаванні дзяржаўных прадпрыемстваў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Yekaterina Shtukina / TASS / Forum