Лукашэнка: каранцін увядзем цягам содняў, «але жэрці што будзем»?


794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 з іх – на штучнай вентыляцыі лёгкіх: Аляксандр Лукашэнка абвесціў найноўшую статыстыку каронавіруса і лічыць, што катастрофы няма. Кіраўнік краіны правёў сёння адмысловую нараду, прысвечаную сітуацыі з хваробаю, з удзелам чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя.

«Маску гэтую няшчасную не можам сшыць. Не для дактароў, дык хоць для насельніцтва. Яны ж ідуць, шалікамі закрываюцца некаторыя, і правільна робяць. Дык няўжо мы маску не можам сшыць? Гэта недапушчальна. Калі ёсць дзесьці гэтыя праблемы, вертыкаль улады на чале з прэм’ер-міністрам павінныя да панядзелка гэтую праблему зняць», – запатрабаваў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны прыгразіў адстаўкай ураду, загадаў Камітэту дзяржаўнага кантролю прасачыць, каб не было росту коштаў на сродкі аховы, а за вузкія месцы ў медыцыне паабяцаў спагнаць шкоду з адказных, «калі гэты псіхоз скончыцца». Адсутнасць неабходных сродкаў змагання з інфекцыяй пацвярджаюць беларусы.

«Куды ні зойдзеш у аптэку – элементарнага няма. Парацэтамолу няма, масак няма, антысептыкі вельмі рэдка можна знайсці», – кажа жыхарка Магілёва.

Блогеры ды актывісты праблемы, выкліканыя эпідэміяй, спрабуюць развязаць інакш: у краіне ладзіцца шэраг дабрачынных акцыяў і кампаніяў, дзе збіраюць грошы лякарням, харчы дактарам, шыюць маскі насельніцтву.

«Цяпер у грамадстве расслаенне: адныя лічаць што маскі патрэбныя, яны ахоўваюць чалавека, ахоўваюць здароўе, а іншыя лічаць што маскі не абараняюць і можна іх не насіць», – адзначае валанцёрка Бабруйскага клубу жаночага лідарства Галіна Смірнова.

Тысячу масак, пашытых уласнаручна, раздалі мінакам на вуліцах Бабруйску валанцёркі Клубу. Такія акцыі актывісткі плануюць ладзіць яшчэ. І ўсё часцей беларусы выступаюць за каранцін:

«Каранцін. Інакш ніяк».

«Каранцін увесці проста, як у Маскве, як ува ўсім свеце».

«Усіх пасадзіць на каранцін».

«Думаю, трэба закрыць межы, увесці каранцін. Трэба клапаціцца пра свой народ».

«Канечне, на добры толк каранцін трэба было ўводзіць, як усе цывілізаваныя краіны. Але гэта зразумела, у нас грошай няма, нічога няма», – кажуць жыхары Віцебску.

Пад інтэрнэт-петыцыяй у Сусветную арганізацыю здароўя за ўвядзенне ў Беларусі каранціну падпісаліся больш як 151 тысяча чалавек. Пазіцыя ж кіраўніцтва краіны застаецца нязменнаю:

«Каранцін, каменданцкая гадзіна. Гэта прасцей за ўсё. Гэта мы зробім цягам содняў, але жэрці што будзем?»

Так на патрабаванні каранціну рэагуе сёння Аляксандр Лукашэнка. Не абавязаная рэагаваць на петыцыі і Сусветная арганізацыя здароўя, абвесціць каранцін яна таксама не можа. Але місія арганізацыі цягам тыдня будзе працаваць у Беларусі. Праца місіі з петыцыямі не звязаная, а запрасіць міжнародных экспертаў даручыў Лукашэнка на пачатку красавіка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum